Вы тут

У Мінску распачата больш за 1600 крымінальных спраў за пратэсты

Гвалту супраць мірных грамадзян с боку сілавікоў не было, настойваюць у СК / Еўрарадыё

З ліпеня 2020 года ў Мінску распачата больш за 1600 крымінальных спраў за пратэсты, або "па фактах масавых мерапрыемстваў", як заявіў у эфіры СТВ начальнік упраўлення Следчага камітэта па Мінску Сяргей Паско.

"Больш за 400 чалавек, па выніках расследавання названых крымінальных спраў, намі ўжо накіравана ў суды. Значная колькасць цяпер яшчэ знаходзіцца пад следствам", — удакладніў ён. У рамках толькі адной справы пад вартай знаходзіцца каля 50 чалавек, праілюстраваў маштабы працы СК Паско.

Ён асобна распавёў пра анархістаў. Па яго словах, яны аформіліся ў групу "задоўга да перадвыбарнай кампаніі" і "сваю дзейнасць адточвалі у Брэсцкай вобласці на акумулятарныя заводзе". Следства па гэтай справе яшчэ ідзе, але ў мінскім УСК плануюць "у бліжэйшы час, гэта месяц-паўтара" скончыць расследаванне і накіраваць справу ў суд.

Паско пракаментаваў і адсутнасць крымінальных спраў па фактах гвалту ў дачыненні да мірных грамадзян з боку сілавікоў. Ён сказаў, што "у мяне няма такіх фактаў, каб я мог прывесці, што так, сапраўды, дзесьці пацвердзілася, што ў дачыненні да грамадзяніна неабгрунтавана былі ўжытыя меры фізічнай сілы".

У жніўні Следчы камітэт паведаміў, што завяршыў праверку па скаргах на злоўжыванні сілавікоў пры затрыманнях і падчас утрымання ў ІЧУ і ЦІП ГУУС Мінгарвыканкама. Следчыя не знайшлі падстаў для  крымінальных спраў. У СК прызналі, што супрацоўнікі сілавых ведамстваў ужывалі фізічную сілу і спецсродкі. Але гэта было, паводле ацэнкі СК, "у адпаведнасці з патрабаваннямі Закона" Аб органах унутраных спраў "і іншых нарматыўных прававых актаў Рэспублікі Беларусь".

Па дадзеных СК, на Акрэсціна (у ЦІП і ІЧУ ГУУС Мінгарвыканкама) з 9 па 15 жніўня 2020 года былі дастаўлены больш за 2000 затрыманых. 680 з іх падалі заявы аб супрацьпраўных дзеяннях сілавікоў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.