Вы тут

У Мінску праходзіць антыінтэграцыйнае шэсце тысячы пратэстоўцаў

Акцыя ў сталіцы / TUT.by

8 снежня ў Мінску праходзіць несанкцыянаванае шэсце супраць інтэграцыі Беларусі з Расіяй. У ім удзельнічае да тысячы чалавек. Над калонай лунаюць бел-чырвона-белыя сцягі, людзі трымаюць у руках плакаты.

Як інфармавала Еўрарадыё, спачатку пратэстоўцы сабраліся на Кастрычніцкай плошчы, дзе адбыўся мітынг і была прынята рэзалюцыя. Пасля мітынгу апазіцыянеры заклікалі людзей прайсці па вуліцах сталіцы. Сябра аргкамітэта па стварэнні партыі БХД Павел Севярынец аб'явіў, што шэсце пройдзе не па тым маршруце, што ў суботу. Спачатку пратэстоўцы прайшлі па ходніках праспекта Незалежнасці да былога офіса БНФ "Адраджэнне" на праспекце Машэрава і працягваюць "гуляць" далей — у бок амбасады Расіі.

Як вядома, 7 снежня ў Сочы Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін не падпісалі ніякіх дакументаў па "паглыбленні інтэграцыі". Наступная сустрэча прызначана на 20 снежня. У гэты дзень у Мінску апазіцыя збіраецца правесці наступную вулічную акцыю.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.