У Мінску могуць з'явіцца вуліцы Смоліча, Алоўнікава і Алеся Дудара
![У Мінску могуць з'явіцца вуліцы Смоліча, Алоўнікава і Алеся Дудара](/sites/default/files/styles/gallery_main/public/2023-08/vulicy-2004.jpg.webp?itok=cIs6JLFj)
У Мінску рыхтуецца зацвярджэнне назваў чатырох вуліц і двух паркаў сталіцы. Камісія па найменні і перайменаванні праспектаў, вуліц і плошчаў Мінска прапанавала Мінскаму гарсавету свае варыянты назваў, перадае агенцтва "Мінск-Навіны".
Праектаванай вуліцы №5 у межах Партызанскага праспекта — вуліцы Куляшова — вуліцы Шышкіна прапаноўваюць даць імя памежніка, Героя Савецкага Саюза Яўгена Міроўскага.
Праектаваную вуліцу №3 (ад вуліцы Янкі Лучыны да вуліцы Чыжэўскіх) прапануюць назваць імем беларускага навукоўца Аркадзя Смоліча, аўтара першага падручніка "Геаграфія Беларусі".
Праектаванай вуліцы №5 (ад Ігуменскага тракту да вуліцы Чыжэўскіх) хочуць даць імя народнага артыста БССР, кампазітара, Ганаровага грамадзяніна Мінска Уладзіміра Алоўнікава.
Праектаванай вуліцы №7 (ад Ігуменскага тракту да праектаванай вуліцы №3) мяркуецца надаць імя беларускага паэта, крытыка і перакладчыка Алеся Дудара, рэпрэсаванага ў сталінскія часы.
Парку ў межах вуліцы Даўгабродскай — завулка Казлова — Сляпянскай воднай сістэмы прапануецца надаць імя беларускага дзяржаўнага дзеяча Аляксандра Герасіменкі. А парк у межах вуліцы Пляханава — вуліцы Ванеева — вуліцы Райніса могуць назваць імем кіргізскага пісьменніка Чынгіза Айтматава.
Мінчукі могуць цягам двух тыдняў дасылаць свае прапановы наконт гэтых назваў у Галоўнае ўпраўленне ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Мінгарвыканкама (220006, г. Мінск, вул. Маякоўскага, 22/2).