У Мінску адсвяткуюць "памідорныя Каляды"

Сумесны канцэрт гуртоў "У нескладовае", "Палац" і "PomidorOFF" будзе прымеркаваны да Калядаў, але паводле слоў Аляксандра Памідорава, ёсць і яшчэ адна нагода для святкавання.

Аляксандр Памідораў: "Раней была завядзёнка рабіць калядныя канцэрты. Гэтым заўжды займаліся "Палац", "Ur'іa", "Kriwi", ну, а зараз гэта ўсё неяк знікла. А тут як раз была ідэя зрабіць канцэрт на мае народзіны, але потым тэрмін ссунуўся на два дні. Дык чаму ж яго не зрабіць, тым больш, што апошнім часам я супрацоўнічаю з праектам "У нескладовае", таму і нарадзілася ідэя зрабіць “супольны канцэрт”.

Аляксандр дадаў, што спецыяльна для канцэрта рыхтуе калядную песню, але яна хутчэй за ўсё будзе не з самым прыемным сацыяльным падтэкстам. Дарэчы, па словах ідэйнага натхняльніка праекта "У нескладовае" Рамана Арлова, яго калектыў таксама зараз працуе над новай песняй, тэкст да якой будзе на палову напісаны тым жа Памідоравым, а на палову самім Раманам.

Раман Арлоў: "Зараз мы рыхтуем новую песню, якая ў прынцыпе з такім калядным душком, але пакуль што без назвы. У ёй будуць два асноўныя вакалісты: Лёша Хлястоў і Саша Памідораў. Але песня яшчэ не запісаная і, хутчэй за ўсё, яе прэм'ера адбудзецца на канцэрце".

А вось для гурта "Палац" канцэрт у "Рэактары" будзе не адзіным калядным выступам, але на іншыя канцэрты трапіць можна будзе толькі па запрашальніках. Што ж тычыцца сюрпрызаў падчас выступу, лідар гурта Алег Хаменка яшчэ не вызначыўся.

Алег Хаменка: "Ну, калядныя песні.. якія там новыя!? У нас кожны год якая-небудзь новая калядачка выходзіць, так што, якую-небудзь новую калядачку зробім. Можа яшчэ якую віншавалку да таго, мы ж думалі, што ўвогуле ўжо будуць "памідорныя Каляды". Штосьці можа разам праспяваем, іншая справа, што пакуль мы гэтага нічога не рыхтавалі".

Фота: Tarantino

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі