Вы тут

У Мінску адновяць паганскае капішча

minsknews.by

У Мінску адновяць паганскае капішча. Яно будзе знаходзіцца ў парку імя 40-годдзя Вялікага Кастрычніка, што прымыкае да гатэля “Пекін”. Рэканструкцыя капішча ўключаная ў другі этап добраўпарадкавання тэрыторыі, на якое гарадскія ўлады выдзелілі сродкі, паведамляе агенцтва “Мінск-Навіны”.

Парк размешчаны ў межах вуліц Ульянаўскай — Леніна — Смаленскай — Чырвонаармейскай. У 2015-2016 гадах тут зрабілі пешаходныя алеі, абсталявалі дзіцячы гарадок, уладкавалі месцы адпачынку ля кромкі вады.

Цяпер каля скрыжавання вуліц Леніна і Ульянаўскай зробяць уваходную зону ў парк, а таксама добраўпарадкуюць тэрыторыю, дзе раней знаходзілася паганскае капішча. Яшчэ напрыканцы ХІХ стагоддзя тут была культавая пляцоўка, абнесеная з трох бакоў драўлянай агароджай. Там рос вялікі дуб, а з камянёў было складзена вогнішча. Цяпер гэтае месца абнясуць стылізаванай драўлянай агароджай, выкладуць брукам, а ў цэнтры пляцоўкі зробяць інфармацыйны стэнд з апісаннем гісторыі месца.

Працы на месцы былога капішча плануюць завяршыць ужо ў траўні гэтага года.