Вы тут

У Мінпрацы распавялі, калі запрацуе добраахвотнае пенсійнае страхаванне

Ірына Касцевіч​ / БелТА

Новы фармат добраахвотнага пенсійнага страхавання запрацуе ў Беларусі з 1 кастрычніка 2022 года, заявіла міністр працы і сацыяльнай абароны Ірына Касцевіч у эфіры тэлеканала "Беларусь 1".

Год патрэбны на тое, каб правесці шэраг арганізацыйна-тэхнічных мерапрыемстваў.

"Каб з 1 кастрычніка 2022 года чалавек мог альбо прыйсці ў страхавую арганізацыю і запоўніць заяву, альбо ж у электронным выглядзе праз сайт падаць заяву і заключыць дамову, каб уступіць у гэтую сістэму", — патлумачыла Ірына Касцевіч.

Сутнасць у тым, каб пачаць рабіць дадатковыя адлічэнні з разлікам атрымаць прыбаўку да пенсіі ў перспектыве. Такая магчымасць ёсць і цяпер, але карыстаюцца ёю, па словах міністра, "дастаткова слабавата". Новая праграма, разлічваюць распрацоўшчыкі, будзе больш прывабнай.

Сутнасць у тым, што работнікі, акрамя абавязковага ўзносу ў 1% ад заработнай платы ў пенсійны фонд, змогуць адлічваць грошы і на назапашвальную пенсію. Прынцыповае адрозненне ад цяперашняй праграмы ў тым, што частку грошай на гэты рахунак будзе ўносіць работнік, частку — працадаўца. Работнік можа пералічваць да 10% заробку, працадаўца будзе дадаваць да 3%. Пры чым калі чалавек абярэ дадатковы ўзнос 1%, 2% ці 3%, то наймальнік будзе дадаваць такі ж працэнт. Але калі работнік захоча пералічваць больш, то наймальнік ўсё роўна будзе дадаваць толькі 3% ад яго заробку.

Касцевіч асобна падкрэсліла, што ў праекце ўказа аб добраахвотным пенсійным страхаванні закладзены механізм капіталізацыі. Гэта значыць, што будзе ўлічвацца інфляцыя, назапашванні будуць пералічвацца. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.