У Мінфіне расказалі пра пошук варыянтаў для выплат па еўрабондах

Міністэрства фінансаў Беларусі

Міністэрства фінансаў Беларусі / БЕЛТА

У Міністэрстве фінансаў Беларусі, якое праз увядзення санкцый аказалася не ў стане рабіць выплаты па прададзеных еўрааблігацыях, расказалі пра альтэрнатыўныя механізмы "выканання абавязацельстваў па еўрааблігацыях". Там нагадалі, што ва ўладальніка еўрабондаў ёсць тры "магчымыя спосабы завяршыць абавязацельствы па еўрааблігацыях":

  • абмен на ўнутраныя дзяржаўныя аблігацыі;
  • продаж эмітэнту з дысконтам;
  • атрыманне грашовых сродкаў у беларускіх рублях.

Пры гэтым першыя два варыянты дасяжныя ўсім уладальнікам ўсіх выпускаў еўрааблігацый. З выплатамі ў беларускіх рублях складаней. Павінны быць выкананыя тры ўмовы. Каштоўныя паперы мусяць быць набытыя да 6 верасня 2022 года, інвестар павінен быць з "сяброўскай" краіны і гатовы забяспечыць "блакаванне/перавод (каштоўных папер) на рахункі Міністэрства фінансаў Рэспублікі Беларусь у давераных дэпазітарыях, якія маюць карэспандэнцкія адносіны з РУП "Рэспубліканскі цэнтральны дэпазітарый каштоўных папер" і заключылі з Міністэрствам фінансаў пагадненне аб арганізацыі выплат". У Расіі гэтую функцыю можа выканаць "Нацыянальны разліковы дэпазітарый".

Механізм працы з расійскім дэпазітарыем цяпер прапрацоўваецца і "патрабуе пэўных тэхналагічных дапрацовак у дэпазітарнай сістэме Расійскай Федэрацыі", адзначылі ў беларускім Мінфіне. Таму выплаты па еўрааблігацыях расійскім інвестарам "будуць ажыццяўляцца пасля заключэння згаданага дагавора з расійскім "Нацыянальным разліковым дэпазітарыем".

Нагадаем, напярэдадні стала вядома пра ліст расійскіх інвестараў, якія ўклаліся ў беларускія каштоўныя паперы, да ўладаў сваёй краіны з просьбай абмежаваць крэдытаванне Беларусі. Падставай звароту зрабіліся нявыплаты па еўрааблігацыях.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі