У Мінадукацыі пракаментавалі закрыццё ліцэяў

У двух мінскіх ліцэях папярэдзілі, што новых набораў навучэнцаў не будзе / yandex.by​
У двух мінскіх ліцэях папярэдзілі, што новых набораў навучэнцаў не будзе / yandex.by​

У Міністэрстве адукацыі пракаментавалі навіну пра закрыццё двух мінскіх ліцэяў. Раней у СМІ з'явілася інфармацыя пра тое, што сталічныя ліцэі №1 і № 2 спыняюць наборы навучэнцаў.

У намесніка міністра адукацыі Аляксандра Кадлубая спыталі, у чым прычына такой пільнай увагі да ліцэяў. Ён сказаў, што са з'яўленнем профільнай адукацыі ў школах стала незразумела, чым "ліцэі адрозніваюцца ад старэйшай ступені школы".

"Быў праведзены аналіз іх дзейнасці. Мы даведаліся, што ў некаторыя ўстановы залічвалі навучэнцаў, якія атрымалі зусім нізкія балы на ўступных экзаменах. Ёсць ліцэі, куды могуць трапіць толькі гарадскія дзеці, таму што там няма свайго інтэрната", — растлумачыў пазіцыю ведамства Кадлубай. Таму, па словах чыноўніка, мясцовым уладам прапанавалі "ўпарадкаваць працу ліцэяў".

Адна з галоўных умоваў — даць магчымасць вучыцца ў ліцэях дзецям з рэгіёнаў. Акрамя таго, для ўсіх ліцэяў устанавілі адзіныя правілы.

Пры гэтым Кадлубай падкрэсліў, што "пра ліквідацыю агульнаадукацыйных ліцэяў гаворкі не ідзе, яны захаваліся і ў Кодэксе аб адукацыі". У наступным годзе, па яго словах, да прыкладу, свой ліцэй з'явіцца ў Віцебску, яго плануе адкрыць Віцебскі ўніверсітэт імя П. Машэрава.

В Минобразования прокомментировали закрытие лицеев
Аляксандр Кадлубай / zviazda.by

Гэты адказ ужо пракаментаваў рэпетытар Яўген Лівянт, які адным з першых паведаміў пра планаванае закрыццё мінскіх ліцэяў. На ягоную думку, аргументы чыноўнікаў з Мінадукацыі не вытрымліваюць крытыкі.

Лівянт нагадаў, што ў Мінску "ёсць выдатны Мінскі дзяржаўны абласны ліцэй (МДАЛ)". Ліцэй знаходзіцца ў мікрараёне Курасоўшчына і ў яго ёсць свой інтэрнат, але і тут вучыцца шмат мінчукоў — у тым ліку таму што нямногія бацькі наважваюцца адправіць дзіця жыць і вучыцца ў іншы горад.

"Таму ніякіх новых інтэрнатаў у Мінску для школьнікаў будаваць не трэба, месцаў хапае. І чыноўнікі Міністэрства адукацыі пра гэта ведаюць", — падкрэсліў Лівянт.

Ён таксама нагадаў, што пасля закрыцця ліцэяў №1 і № 2 у Мінску застануцца толькі тры агульнаадукацыйныя ліцэі. Астатнія 9 — гэта былыя ПТВ і тэхнікумы. "Агульнага ў гэтых навучальных установаў толькі слова "ліцэй" у назве", — адзначыў Лівянт.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі