У Маскве стварылі грамадскі камітэт па аб’яднанні Беларусі і Украіны з Расіяй

У Маскве стварылі грамадскі камітэт па аб’яднанні Беларусі і Украіны з Расіяй

У Маскве прадстаўнікі расійскіх маргінальных палітычных сіл стварылі арганізацыю, мэта якой — аб’яднанне Беларусі і Украіны з Расіяй. Пасяджэнне камітэту “25 студзеня” прайшло ў панядзелак. На ім прысутнічалі пісьменнік-нацбол Эдуард Лімонаў, рэдактар сайта “Спутник и погром” Ягор Прасвірнін, заснавальнік незарэгістраванай Нацыянальна-дэмакратычнай партыі Канстанцін Крылоў, пісьменнік-футуролаг Максім Калашнікаў, блогер Эль Мюрыд (Анатоль Несміян). Старшыняваў на сходзе вядомы  ўдзельнік сепаратысцкага руху на ўсходзе Украіны Ігар Стралкоў.  

Як паведаміў у сваім блогу на сайце Livejpurnal Максім Калашнікаў, удзельнікі пасяджэння сышліся на тым, што становішча Расіі скочваецца да сістэмнага краху і нават сама расійская ўлада робіць усё дзеля свайго падзення.

“Сітуацыя вельмі нагадвае напярэдадзень Майдана ва Украіне. Пры гэтым у краіне няма разумнай Трэцяй сілы, што процістаіць як тупіковым, збанкрутаваным ахавальнікам, гэтак і празаходнім беластужачнікам”, — разважае Максім Калашнікаў.

Сярод сваіх мэтаў камітэт “25 студзеня” называе недапушчэнне развалу Расіі, а ў будучыні — узнаўленне рускага народу ў адной дзяржаве. Рускімі ў арганізацыі лічаць “велікаросаў, маларосаў і беларусаў”.

“Дзеючая ўлада хворая і занятая самаразбурэннем. Навязвацца ёй у памочнікі мы не маем намеру. І пэцкацца ў ёй — таксама. Яна цяпер на вачах ператвараецца ў хадзячага мерцвяка, забіўшы сябе эканамічным ідыятызмам апошніх 15 гадоў”, — піша Калашнікаў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі