У Маскве і Ерэване не пацвердзілі словы Лукашэнкі пра генсека АДКБ

У Маскве і Ерэване не пацвердзілі словы Лукашэнкі пра генсека АДКБ

У Маскве і Ерэване не пацвердзілі словы Аляксандра Лукашэнкі пра вырашэнне праблемы з прызначэннем новага генеральнага сакратара АДКБ. Беларускі кіраўнік напярэдадні сказаў у Санкт-Пецярбургу, што "у прынцыпе вырашылі праблему прызначэння генеральнага сакратара" і ім будзе беларус. 6 снежня саміт АДКБ не праводзіўся, праходзілі толькі саміты Еўразійскага эканамічнага саюза і СНД. Але Лукашэнка заявіў журналістам, што "мы нечакана ледзь не правялі пасяджэнне АДКБ". Ён паспяшыў паведаміць "механізм прызначэння". Нібыта, яно адбудзецца праз індывідуальнае сумоўе з кожным кіраўніком у АДКБ, і кожны з іх мусіць падпісаць дакумент.

7 снежня прэс-сакратар расійскага прэзідэнта Дзмітрый Пяскоў гэтыя словы Аляксандра Лукашэнкі не пацвердзіў. "Не, пытанне не вырашылася, — цытуе словы Пяскова ria.ru. — Сапраўды, падчас размовы лідараў ЕАЭС па-за парадкам дня гэтае пытанне было ініцыятыўна закранутае  Аляксандрам Рыгоравічам Лукашэнкам. Гэта зусім нармальная практыка, любы кіраўнік дзяржавы мае права закрануць тыя пытанні, якія ён лічыць патрэбным".

Але ў той момант, калі Лукашэнка загаварыў пра праблему АДКБ, за сталом перамоваў прысутнічалі не ўсе кіраўнікі краін. "Праца будзе працягнута", — сказаў Пяскоў.

Яшчэ раней заяву Лукашэнкі абверг прэс-сакратар выканаўцы абавязкаў прэм’ер-міністра Арменіі Нікола Пашыняна Арман Егаян. "Як вядома, пасяджэння АДКБ не было. Пазіцыя Арменіі ў гэтым пытанні не зведала ніякіх зменаў", — сказаў ён.

Былы генсек АДКБ Юрый Хачатураў быў зняты з пасады па ініцыятыве Арменіі. Пытанне прызначэння новага кіраўніка разглядалася на саміце ў Казахстане. Аднак дамовіцца не ўдалося. 6 снежня ў Санкт-Пецярбургу мусіў прайсці саміт АДКБ, аднак яго адмянлі (верагодна, па ініцыятыве Масквы).

На сённяшні дзень у склад Арганізацыі Дамовы аб калектыўнай бяспецы ўваходзяць Беларусь, Арменія, Расія, Казахстан, Кыргызстан і Таджыкістан.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі