У маладзечанскай школе для бацькоў зрабілі платны ўваход на ранішнікі

У маладзечанскай школе для бацькоў зрабілі платны ўваход на ранішнікі

Платны ўваход на ранішнікі зрабілі для бацькоў у маладзечанскай школе №14. Каб паглядзець на сваё дзіця ў касцюме зайчыка аб сняжынкі, давядзецца выкласці рубель дваццаць капеек. Многіх бацькоў абурае не кошт, але сам факт аплаты, піша "Рэгіянальная газета"

Дырэктарка сярэдняй школы №14 Каліна Капуцкая ў гэтым факце не бачыць нічога страшнага: "Ранішнікі ў школах платныя даўно. Кожная школа мае права аказваць платныя адукацыйныя паслугі. Паказ канцэрта — гэта таксама выхаваўчая праца калектыва нашых педагогаў. Таму і ўстанавілі сімвалічны кошт — рубель і дваццаць капеек".

Капуцкая кажа, што адпаведны прэйскурант на паслугі школа атрымала ў аддзеле адукацыі Маладзечанскага райвыканкама. Грошы прымаюцца праз касу. Яна адзначае, што на ранішнікі ў цэнтры дзіцячай творчасці "Маладзік" ці ў Лядовым палацы ўваход таксама платны, але там ніхто не абураецца. 

Атрыманыя грошы дырэктарка школы абяцае пусціць на арганізацыю навагодніх святаў: "На пашыў касцюмаў, на тое, каб напоўніць мех нашага Дзеда Мароза цукеркамі, сувенірамі, якія атрымаюць дзеці падчас ранішнікаў. На салодкі стол для ўдзельнікаў канцэрта". 

Дарэчы, Капуцкая мяркуе, што іншыя школы горада таксама ўвядуць плату за ўваход бацькоў на ранішнікі. 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі