У Магілёве жыхары выселенага дома спынілі галадоўку

Шасцёра жыхароў Магілёва, сем’і якіх перасялілі з дома №59 па вуліцы Ленінскай у інтэрнат будаўнічага трэста №12, трымалі галадоўку на працягу пяці дзён. Людзі дамагаліся вяртання старога жылля, альбо выдзялення новага ў межах горада. Пасля сустрэчы з магілёўскімі чыноўнікамі ў мінулую пятніцу яны прынялі рашэнне аб спыненні галадоўкі.

Як паведамляла Еўрарадыё, да галадоўнікаў прыйшлі чыноўнікі з райвыканкама, гарвыканкама, аблвыканкама, а таксама будаўнічага трэста №12. Падчас перамоваў чыноўнікі паабяцалі людзям, што дамовы на пражыванне ў інтэрнаце трэста будуць бестэрміновыя, а жадаючыя атрымаць арэнднае жыллё мусяць звярнуцца ў гарвыканкам з адпаведнай заявай. Праз 2-3 тыдні чакаецца здача чарговага арэнднага дома ў мікрараёне “Казіміраўка” і ёсць верагоднасць, што людзі атрымаюць у ім кватэры.

Нагадаем, што 18 траўня галадоўку пачалі пяць чалавек, да якіх пазней далучыўся шосты. На такі крок людзей падштурхнула абыякавасць чыноўнікаў да іх праблемы, а таксама скажэнне інфармацыі ў адказах дзяржаўных установаў, кажуць ужо былыя галадоўнікі. На пачатку мінулага года іх дом прызналі аварыйным і людзей перасялілі ў інтэрнат, выдалі ім пакоі з разлікам 6 кв. м. на чалавека. Цяпер улады спрабуюць прызнасць дом №59 інтэрнатам, аднак людзі маюць на руках ордэры на атрыманыя ў гэтым доме кватэры.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі