У Магілёўскай вобласці дарогу адрамантавалі толькі на паперы?

У Магілёўскай вобласці дарогу адрамантавалі толькі на паперы?

38 жыхароў вёскі Сенькава Магілёўскага раёна напісалі калектыўныя скаргі ў пракуратуру і Камітэт дзяржаўнага кантролю з просьбай патлумачыць, чаму ў іх вёсцы дагэтуль няма заасфальтаванай дарогі.
Вяскоўцаў абурыў інфармацыйны стэнд, які быў усталяваны ў мінулым годзе з пашпартам аб’екта ў суседняй вёсцы. Па пазначаных на ім тэрмінах, капітальны рамонт дарогі мусіў быць выкананы яшчэ ў мінулым годзе.

Актывістка аргкамітэта па стварэнні партыі “Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя”, а таксама жыхарка вёскі Сенькава Таццяна Шамбалава распавядае пра тое, што капітальны рамонт у пяці заяўленых вёсках скончыўся пазітыўна толькі для адной, дзе і быў пакладзены асфальт:

Летам стаяў пашпарт аб’екта каля вёскі Ільінка. Аб’ект называўся капітальны рамонт аўтамабільнай дарогі Буйнічы-Цішоўка-Севасцьянавічы-Сенькава-Ільінка. Тэрмін здачы быў лістапад 2015 года. У выніку ў вёсцы Ільінка асфальт паклалі, а ва ўсіх астатніх вёсках ніякага капітальнага рамонту не бачылі. На дадзены момант пададзена скарга, каб патлумачылі, які такі рамонт быў выкананы, бо ён быў заяўлены, а яго няма”.

Таццяна Шамбалава адзначае, што ўся дарога ў іх вёсцы ў ямах і лужына, і пасля снегу па ёй цяжка праехаць не толькі легкавым аўтамабілям, але школьнаму аўтобусу, які перыядычна буксуе каля прыпынку.

Сітуацыю каментуе кандыдат эканамічных навук, палітык Пётр Мігурскі:

Цалкам магчыма, што не было сродкаў і нічога там не рабілася. Сёння некаму рызыкнуць і спісаць сродкі на арганізацыю і не зрабіць работу — гэта турма адназначна. Там жа і матэрыялы, і заробкі, і паліва. Гэта ўсё жыццё прадпрыемства. Трэба пачакаць адказу. Я не думаю, што чыноўнік напіша ў адказе, што дарога пракладзеная. Там будуць іншыя адпіскі, хутчэй за ўсё, што не было сродкаў”.

Тым часам жыхары вёскі Сенькава адзначаюць, што будуць дабівацца таго, каб у іх вёсцы нарэшце з’явілася запланаваная асфальтавая дарога, а чыноўнікі, якія вінаватыя ў зрыве тэрмінаў яе з’яўлення, адказалі за гэта па законе.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі