"У Лукашэнкі ва Украіне няма ніякіх актываў і інтарэсаў" — Падаляк

Міхаіл Падаляк

Міхаіл Падаляк / DW

Унясеннем людзей у санкцыйныя спісы займаецца Рада па нацыянальнай бяспецы і абароне (РНБА) Украіны. Так дарадца кіраўніка Офіса прэзідэнта Украіны Міхаіл Падаляк адказаў на пытанне сайта "Зеркало", чаму Аляксандр Лукашэнка дагэтуль не трапіў пад украінскія санкцыі.

"Гэта хутчэй пытанне да РНБА Украіны — яны аналізуюць важнасць унясення [у санкцыйныя спісы]. У нас, дарэчы, у іх пастаянна дадаюцца тыя ці іншыя і фізічныя, і юрыдычныя асобы. Інфармацыя апрацоўваецца ў поўным аб'ёме. І па меры назапашвання даных, вядома ж, спісы ўдакладняюцца, туды ўносяцца розныя прозвішчы", — кажа Падаляк.

Па яго словах, персанальныя санкцыі — гэта працэс, "які патрабуе вывучэння і выразнага разумення, як гэта будзе адбівацца далей на ходзе вайны".

Адказваючы на пытанне журналістаў, Падаляк заявіў, што сам ён прыхільнік пайменных санкцый супраць усіх, хто падтрымлівае вайну Расіі супраць Украіны і атрымлівае з яе дывідэнды: "Гэта значыць я, груба кажучы, за тое, каб злачынцаў ці людзей, якія падазраюцца ў саўдзеле ў ваенных злачынствах або ў злачынствах агрэсіі, уносілі, безумоўна, на "Дошку гонару" і яны мелі тыя ці іншыя абмежаванні".

Пры гэтым ён зрабіў агаворку, што Лукашэнка, нібыта, не настолькі важная персона для ўкраінскіх санкцый: "У Лукашэнкі ва Украіне няма ніякіх актываў і інтарэсаў. Для нас прынцыпова важна ўнесці ў санкцыйныя спісы перш за ўсё тых людзей, якія так ці інакш мелі магчымасць нешта зарабляць на тэрыторыі Украіны і неяк уплываць на краіну. У Лукашэнкі тут няма ні бізнэсу, ні палітычных інтарэсаў — ён не папулярны [сярод украінцаў]. І, адпаведна, ён не знаходзіцца ў такой прыярэтызацыі".

Падаляк падкрэслівае, быццам Лукашэнка абсалютна не самастойны, бо ён цалкам жыве на датацыі з Расіі і не ўплывае ні на еўрапейскія, ні на ўкраінскія бізнес-працэсы.

Як пісала Еўрарадыё, нават ва Украіне не ўсе згодныя з такой трактоўкай. Некаторыя прадстаўнікі ўкраінскіх дзяржструктур кажуць, што санкцыі супраць Лукашэнкі не ўводзяць, бо гэта "палітычнае пытанне" і "ювелірнае выбудоўванне стратэгіі і тактыкі".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі