У Латвіі, Украіне і Расіі — эпідэмія грыпу, у Беларусі — няма

У Латвіі, Украіне і Расіі — эпідэмія грыпу, у Беларусі — няма

Міністэрства аховы здароўя паведамляе, што ў Беларусі эпідэміі грыпу не назіраецца. Намеснік кіраўніка аддзела гігіены, эпідэміялогіі і прафілактыкі Іна Карабан адзначае, што захварэлых на вострыя рэспіраторныя вірусныя інфекцыі (ВРВІ) нават меней, чым летась.

“За мінулы і папярэдні тыдзень ідзе ад 800 да 900 выпадкаў на 100 тысяч. Грыпападобных захворванняў, як мы іх называем, выяўляецца ў сярэднім ад 5 да 6 выпадкаў на 100 тысяч жыхароў. Сітуацыя не на эпідэмічным узроўні, а нават ніжэй, чым была летась”, — кажа намесніца кіраўніка аддзела.

Цікава, што ў той жа час у нашых суседзяў сітуацыя зусім іншая. У Латвіі пра эпідэмію грыпу абвясцілі яшчэ 26 студзеня. На мінулым тыдні там выявілі 136 выпадкаў захворвання на 100 тысяч жыхароў (а гэта значна менш, чым у Беларусі). Ад ускладненняў ужо памерлі тры чалавекі.

Доктар-эпідэміёлаг Цэнтра па кантролі і прафілактыцы захворванняў Латвіі Райна Некіфарава кажа, што гэта яшчэ не пік эпідэміі:

“Праз 2-3 тыдні можам чакаць пік захворванняў, а потым паступова будзе паніжацца”.

Спецыяліст адзначае, што 98% выяўленых вірусаў — гэта грып тыпу А, у тым ліку H1N1. Яшчэ 2% — грып тыпу B.

Ва Украіне эпідэміялагічная мяжа перавышаная ў 18 абласцях (з 24). Па дадзеных Міністэрства аховы здароўя, за апошні тыдзень на грып захварэла больш за 360 тысяч чалавек, а з пачатку эпідэмічнага сезона — 2 мільёны 790 тысяч. Загінула ўжо 122 чалавекі.

“Больш за ўсіх у нас хварэюць у Кіеве і Кіеўскай вобласці. У вобласці перахварэла 10% насельніцтва, а ў сталіцы — 9,4%. Менш за ўсё хварэюць у Закарпацкай і Цярнопальскай абласцях”, — кажа галоўны ўрач Цэнтра па кантролі і маніторынгу захворванняў Мінздароўя Украіны Любоў Някрасава.

Ва Украіне фіксуюць штамы віруса Н3N2, які прыйшоў у краіну са Швейцарыі, і больш небяспечнага “свінога” грыпу А H1N1. 

У Расіі эпідэмія грыпу таксама нарастае: мяжа перавышаная ў 47 рэгіёнах. Большасць хварэе на свіны грып. Усяго, паводле апошніх дадзеных, у гэтай краіне ад грыпу і выкліканых ім ускладненняў памерла 50 чалавек.

Імкліва расце колькасць захварэлых і ў Літве, але эпідэміялагічная мяжа тут яшчэ не перавышаная. На мінулым тыдні на 10 тысяч жыхароў прыпадала 79 выпадкаў захворвання на ВРВІ і грып. Больш за ўсё шпіталізаваных з грыпам — у Алітускай, Панявежскай і Віленскай акругах, акурат на мяжы з Беларуссю.

Цягам мінулага тыдня ў Польшчы хварэлі на грып і ВРВІ 98 тысяч чалавек. Частата захворвання за дзень складае 36 выпадкаў на 100 тысяч жыхароў. Эпідэміялагічная мяжа таксама не перавышаная.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі