Вы тут

У Латвіі пачалі крымінальны працэс па справе аб захопе самалёта Ryanair у Мінску

23 траўня ў мінскім аэрапорце прызямліўся пасажырскі самалёт Ryanair, які ляцеў з Грэцыі ў Літву / Reuters

Дзяржаўная паліцыя Латвіі пачала крымінальны працэс па справе аб захопе самалёта Ryanair у Беларусі, паведамляе Delfi. Раней яна праводзіла праверку, паколькі на борце былі двое латвійскіх грамадзян. Пакуль у паліцыі не каментуюць сітуацыю, таму невядома, ці будзе гэтая справа расследавана ў рамках міжнароднага супрацоўніцтва.

Крымінальная справа ў Латвіі распачата па раздзелу КК аб злачынствах супраць свабоды, гонару і годнасці. Гэты раздзел змяшчае нормы, якія прадугледжваюць адказнасць "за выкраданне, незаконнае пазбаўленне волі і захоп закладнікаў".

23 траўня ў мінскім аэрапорце прызямліўся пасажырскі самалёт Ryanair, які ляцеў з Грэцыі ў Літву. Былі затрыманыя Раман Пратасевіч і Сафія Сапега, пазней прызнаныя палітвязнямі. Улады Беларусі заявілі, што быццам атрымалі паведамленне пра бомбу на борце самалёта і паведамілі пра гэта экіпажу. Аднак з'явілася інфармацыя, што адбылося гэта раней, чым насамрэч быў атрыманы ліст ад "салдат ХАМАС". Пасля інцыдэнта з самалётам Ryanair ЕС, Украіна закрылі сваё неба для беларускіх авіякампаній. Адказам Еўрасаюза на дзеянні ўладаў Беларусі сталі сектаральныя эканамічныя санкцыі.

Міжнародная арганізацыя грамадзянскай авіяцыі праводзіць расследаванне інцыдэнта з самалётам. Нядаўна стала вядома, што дыспетчар, які садзіў самалёт, з’ехаў з сям’ёй за мяжу.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.