У Кіеве з гранатамёта абстралялі будынак прарасійскага тэлеканала

У Кіеве з гранатамёта абстралялі будынак прарасійскага тэлеканала

У Кіеве з гранатамёта абстралялі будынак тэлеканала “112 Украіна”. Як паведамляе hromadske.ua, інцыдэнт здарыўся ў ноч на 13 ліпеня. Паліцыя распачала крымінальную справу і кваліфікуе здарэнне як тэракт.

Ніхто не пацярпеў. Расследаваннем займаецца Служба бяспекі Украіны. Паводле версіі праваахоўнікаў, стралкоў было двое, іх пакуль не затрымалі. На месцы здарэння знайшлі пашкоджанні на фасадзе будынка і адстраляны тубус гранатамёта.

“112 Украіна” вядомы прарасійскай інфармацыйнай палітыкай. З лістапада мінулага года каналам валодае дэпутат Вярхоўнай Рады Украіны Тарас Казак, які, паводле СМІ, звязаны супольным бізнесам з прарасійскім палітыкам Віктарам Мядзведчуком (яго ў сваю чаргу называюць “кумам Пуціна”).

Тарасу Казаку таксама належыць канал NewsOne, дзе планавалася 12 ліпеня зладзіць тэлемост з расійскім дзяржаўным каналам “Расія 1”. Генпракуратура Украіны расцаніла гэта як замах на дзяржаўную здраду і выклікала на допыт некалькіх чалавек, у тым ліку ўладальніка канала.

“112 Україна” таксама трапіў у поле зроку Генпракуратуры Украіны, якая папярэдзіла аб завядзенні справы за дзяржаўную здраду, калі будзе паказаны фільм Олівера Стоўна “Revealing Ukraine”, які распавядае пра падзеі ва Украіне, што адбыліся пасля 2014 года. Інтэрв’ю для фільма далі Віктар Медзвядчук і расійскі прэзідэнт Уладзімір Пуцін.

Канал публікаваў адкрыты зварот у праваахоўныя органы, у якім прасіў абараніць калектыў ад “нацыянал радыкалаў, якія шляхам запалохвання і пагрозаў спрабуюць паўплываць на рэдакцыйную палітыку”. У звароце было сказана, што 13 ліпеня каля офісу “112 Украіна” пройдзе мітынг, арганізаваны былым чальцом “Правага сектару” Сяргеем Сцярненкам. Аднак пасля начнога абстрэлу будынка ён адмяніў акцыю і мяркуе, што за атакай стаяць прарасійскія сілы.

 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі