У Кангрэсе ЗША спрачаюцца пра выплаты рэпарацый нашчадкам рабоў

У Кангрэсе ЗША спрачаюцца пра выплаты рэпарацый нашчадкам рабоў

У Кангрэсе ЗША адбыліся першыя за апошняе дзесяцігоддзе слуханні па пытанні аб магчымых рэпарацыях нашчадкам рабоў. Як адзначае Бі-Бі-Сі, дэбаты атрымаліся даволі жорсткімі.

Некаторыя з выступоўцаў заяўлялі, што сама магчымасць такіх рэпарацый пагоршыць адносіны паміж прадстаўнікамі розных рас. Іх праціўнікі лічаць, што рэпарацыі неабходныя для аднаўлення справядлівасці.

Ідэю рэпарацыяў падтрымліваюць шэраг патэнцыйных кандыдатаў у прэзідэнты ад Дэмакратычнай партыі. Аднак спікер сената, рэспубліканец Мітч Макконэл даў зразумець, што сенат такую меру не падтрымае.

Афра-амерыканскі пісьменнік Колман Х'юз, які выступіў з боку рэспубліканцаў, сказаў, што рэпарацыі будуць абразай для многіх чарнаскурых амерыканцаў. Па яго словах, гэта будзе выглядаць спробай павесіць цэннік на пакуты іх продкаў.

Яго падтрымаў былы прафесійны футбаліст НФЛ, афра-амерыканец Бёрджэс Оўэнс: "Тое, што нейкія людзі рабілі з іншымі людзьмі 200 гадоў таму, не мае да нас ніякага дачынення — гэта не пытанне ДНК".

Кангрэсмен-рэспубліканец Майк Джонсан лічыць несправядлівым браць грошы з кішэні сённяшняга падаткаплатніка за правіны невялікай групы амерыканцаў, якія жылі ў далёкай мінуўшчыне.

Насуперак ім чарнаскуры акцёр Дэні Гловер падкрэсліў, што такая мера дапаможа аднавіць справядлівасць. Эканаміст Джуліян Малва прапанавала кангрэсу звярнуць увагу на структурныя праблемы і няроўнасць, з якімі сутыкаюцца чарнаскурыя амерыканцы.

Пытанне пра магчымыя рэпарацыі абмяркоўваецца ў ЗША з тых часоў, як скончылася Грамадзянская вайна.

Некаторыя эканамісты прапаноўваюць не плаціць грошы непасрэдна нашчадкам рабоў, а даваць дадатковае фінансаванне школам і лякарням, якія абслугоўваюць пераважна чарнаскурае насельніцтва. 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі