У інтэрнэт-кавярні будуць пускаць толькі па пашпарце

Інтэрнэт-кавярням давядзецца збіраць пашпартныя дадзеныя сваіх кліентаў і адсочваць, якія сайты яны наведваюць. Гэтага патрабуе пастанова Саўміна ад 29 красавіка.

"У пунктах калектыўнага карыстання пры аказанні паслуг перадачы даных і тэлематычных паслуг ажыццяўляецца ідэнтыфікацыя абаненцкіх прылад шляхам вядзення электронных журналаў, куды ўключаюцца ідэнтыфікацыйныя звесткі пра абаненцкія прылады (МАС-адрас, унутраныя і знешнія IP-адрасы), даты, час правядзення злучэнняў і даменныя імёны ці IP-адрасы інтэрнэт-рэсурсаў, да якіх звяртаўся карыстальнік".

Гэтыя звесткі павінны захоўваць адзін год і выдаваць з патрабавання спецслужбаў і іншых органаў кантролю.

Дарэчы, згодна з пастановай Савета міністраў, гэтыя палажэнні набудуць моц адразу пасля афіцыйнага апублікавання. Тым часам у саміх кавярнях пра новаўвядзенні пакуль нічога не чулі.

"Можа гэта з першага ліпеня? А можа гэта рэкамендацыі? Вы пакідаеце залог, а ніякія дакументы пакідаць не трэба. Мы працуем паводле загаду кіраўніцтва, і нам такой інфармацыі пакуль ніхто не казаў".


Нечаканым гэта стала і для галоўнага інтэрнэт-правайдэра Белтэлекама. Пастанову ім даслалі толькі 5-га траўня. Таму пакуль не вядома, як яе будуць выконвацць. Таксама не зразумела, ці будуць датычыцца новыя правілы да wifi.

Самі ж карыстальнікі вельмі не задаволеныя такімі новаўвядзеннямі.

"Я супраць гэтага. Цяпер не буду карыстацца інтэрнэтам тут, толькі дома. Напэўна, гэта ўводзіцца, каб кантраляваць інтэрнэт больш".

"Мне гэта непрыемна. Я ведаю, што не збіраюся рабіць нешта супрацьзаконнае. Але калі мае дадзеныя перапісваюць, складаецца ўражанне, што мяне па змоўчванні ў нечым падазраюць".


Дарэчы, два гады таму спрабавалі ўвесці ўлік карыстальнікаў інтэрнэт-клубаў, але тады гэта не прайшло. Потым падобны пункт з'явіўся ў адмысловым ўказе прэзідэнта, але пасля грамадскага абмеркавання і крытыкі гэтая пазіцыя адтуль зусім знікла — і цяпер з'явілася ў пастанове Савета міністраў.

Прад’яўляць дакументы давядзецца не толькі ў “пунктах калектыўнага доступу да інтэрнэта”. Пашпарт спатрэбіцца і на пошце, каб, напрыклад, адправіць факс, бо ў пастанове згадваюцца і “тэлематычныя паслугі”.

Паводле словаў эксперта Міхаіла Дарашэвіча, тэрмін "тэлематычныя паслугі" даволі стары і ўключае ў сябе ўсе віды сувязі, акрамя тэлеграфа, тэлефона і інтэрнэта.

"Гэта паслугі, якія аказваюць з дапамогай сетак электрасувязі, да якіх адносяцца перадача электронных і галасавых паведамленняў, арганізацыя аўдыё- і відэаканферэнцый, факсімільнай сувязі, за выключэннем тэлефаніі, тэлеграфных паслуг і перадачы даных".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі