У Францыі праходзіць другі тур парламенцкіх выбараў

У Францыі ў нядзелю пачаўся другі тур парламенцкіх выбараў. Выбарчыя ўчасткі адчыніліся а 8 раніцы па мясцовым часе (9 гадзін па беларускім) і будуць працаваць да 20.00. Мяркуецца, што ўжо сёння будуць вядомыя папярэднія вынікі.

Паводле прагнозаў, перамогу на выбарах атрымае права-кансерватыўны "Саюз за народны рух" прэзідэнта краіны Нікаля Сарказі.

Як паведамлялася раней, падчас першага тура выбараў, які адбыўся 10 чэрвеня, ён набраў найбольшую колькасць галасоў — амаль 40%.

За бліжэйшага суперніка, Сацыялістычную партыю, прагаласавалі 24,73% выбаршчыкаў, за цэнтрысцкую партыю MoDem — 7,61%, "Нацыянальны фронт" і камуністы набралі па 4,29%.

Падчас парламенцкіх выбараў каля 35 мільёнаў французаў, якія валодаюць правам на галасаванне, вызначаюць склад Нацыянальнай асамблеі на бліжэйшыя пяць гадоў.

Выбары праводзяцца на мажарытарнай аснове па аднамандатных акругах.

У другі тур выйшлі кандыдаты, якія набралі пасля першага тура больш за 12,5% галасоў. Пры гэтым 110 з 577 мандатаў ужо размеркаваныя падчас першага тура.

Lenta.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі