Вы тут

У Еўрасаюзе пачалася масавая вакцынацыя грамадзян ад каранавірусу

Вакцына BNT162b, якой прышчапляюць грамадзян Еўрасаюза / Bild.de

27-га снежня ў Еўрасаюзе стартавала вакцынацыя насельніцтва ад каранавірусу. Прышчапіцца ад інфекцыі могуць усе жадаючыя, пры чым — бясплатна. Адзіным адобраным еўрапейскім рэгулятарам прэпаратам ад COVID-19 на дадзены момант з'яўляецца вакцына BNT162b, распрацаваная амерыканскай Pfizer і нямецкай BioNTech. Еўрасаюз збіраецца закупіць 200 млн доз вакцыны з магчымасцю набыцця яшчэ 100 млн, піша "Новая газета". Усяго ў ЕС пражывае каля 450 млн чалавек.

У Германіі першай прышчэпленай ад COVID-19 пацыенткай стала 101-гадовая Эдыт Квойцала з горада Хальберштат. Яна жыве ў доме састарэлых. Яе, іншых пастаяльцаў і персанал прышчапілі напярэдадні ў суботу, паведамляе выданне Bild.

Афіцыйна вакцынацыя ў Германіі пачалася сёння а сёмай раніцы, як і ва ўсіх краінах Еўрасаюза. У першую чаргу яе атрымаюць пажылыя людзі — жыхары дамоў састарэлых, персанал гэтых устаноў і грамадзяне, старэйшыя за 80 гадоў. Будуць таксама вакцынаваныя медыкі, якія працуюць у аддзяленнях інтэнсіўнай тэрапіі і ў службах хуткай дапамогі, а таксама супрацоўнікі сацыяльных службаў.

У Францыі вакцынацыя стартуе гэтак жа з дамоў састарэлых у Парыжы і Бургундыі, пасля будуць прышчапляць пажылых грамадзян па ўсёй краіне. З лютага зрабіць прышчэпку ад каранавірусу змогуць тыя, хто знаходзіцца ў групе рызыкі і мае хранічныя захворванні.

Адна з самых масавых паставак вакцыны (1,8 мільёна доз) будзе ў Італіі. Прэпарат таксама размяркуюць паміж пажылымі грамадзянамі, медыкамі, сацработнікамі і іншымі уразлівымі катэгорыямі грамадзян. Па такім жа прынцыпе плануецца вакцынацыя ў Аўстрыі, Іспаніі і іншых краінах ЕС. Раней згаданыя вышэй краіны разам з Швейцарыяй (не ўваходзіць у ЕС) заключылі дамову аб каардынацыі стратэгій вакцынацыі — гэта дазволіць хутка абменьвацца інфармацыяй аб хадзе і выніках вакцынацыі паміж краінамі.

У Вялікабрытаніі вакцынацыя COVID-19 прэпаратам Pfizer і BioNTech пачалася яшчэ 8-га снежня з прышчэпак пажылым людзям і медработнікам. Па дадзеных распрацоўшчыкаў, эфектыўнасць вакцыны BioNTech і Pfizer складае 95%. Чалавеку неабходна ўвесці дзве дозы з розніцай у тры тыдні.

Беларусь плануе вакцынацыю насельніцтва расійскім прэпаратам "Спадарожнік V" са студзеня 2021-га года.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.