У Драгічыне былога палітвязня Сяргея Гардзіевіча арыштавалі на 15 сутак

Сяргей Гардзіевіч

Сяргей Гардзіевіч / baj.media

У Драгічыне былога палітвязня Сяргея Гардзіевіча арыштавалі на 15 сутак. Яго судзілі за рэпост у сацсетках з інтэрнет-рэсурса, які прызнаны ў Беларусі “экстрэмісцкім“, паведамляе baj.media.

Пра затрыманне Гардзіевіча стала вядома 24 студзеня. Праз два дні адміністрацыйную справу разглядала ў судзе Драгічынскага раёна суддзя Юлія Кукса.

БАЖ звяртае ўвагу, што пратакол склалі за рэпост публікацыі з сайта "Ганцавіцкі час" ад 11 лістапада 2023 года (якая канкрэтна публікацыя маецца на ўвазе, пакуль невядома). Аднак пра сваё рашэнне заблакаваць сайт "Ганцавіцкі час" Мінінфармацыі РБ папярэдзіла яго ўладальніка толькі 15 лістапада 2023-га. Больш таго, у судзе Сяргей Гардзіевіч адзначыў, што летась у лістападзе выдаліў свой акаунт у сацсетцы "ВКонтакте". Такім чынам ён спрабаваў давесці, што ў яго дзеяннях няма складу адміністрацыйнага правапарушэння.

Суддзя на гэта не звярнула ўвагі, як і на тое, што ў Гардзіевіча істотна пагоршылася здароўе: ён траціў прытомнасць і вымушаны быў неаднаразова звяртацца да лекараў.

Сяргей Гардзіевіч — жыхар Драгічына, былы карэспандэнт інфармацыйнага сайта "Першы рэгіён". Ён быў затрыманы ў канцы 2020 года. У жніўні 2021-га яго асудзілі на паўтара года зняволення, абвінаваціўшы ў "абразе" прадстаўнікоў улады, "паклёпе і абразе" Аляксандра Лукашэнкі. Беларускія праваабаронцы прызналі Гардзіевіча палітвязнем. На волю ён выйшаў у кастрычніку 2022 года і застаўся ў РБ.

У 2023-м Сяргея Гардзіевіча затрымлівалі, калі ён вяртаўся з Польшчы ў Беларусь. 15 сутак ён правёў за кратамі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі