Вы тут

У Брэсце з удзелам гарадскіх уладаў выбіралі імя белага бычка

Бычок Сняжок / @Rogachuk

Талісман Брэста ў 2021 годзе назвалі Сняжком. Гэта белы бычок галштынскай пароды. Ідэю выбраць гораду жывы талісман публічна агучыў на адкрыцці галоўнай гарадской ёлкі старшыня Брэсцкага гарвыканкама Аляксандр Рагачук. Ён заклікаў гараджан прапаноўваць варыянты.

Сярод дасланых варыянтаў былі і Шашлык, і Саламон, і Бандэрас, але перамог Сняжок, паведаміў у сваім тэлеграм-канале Рагачук. Імя выбіраў брэсцкі хлопчык Дзяніс Субота, які, нягледзячы на хваробу, з'яўляецца дыпламантам некалькіх фестываляў мастацтваў.

Рагачук адзначыў, што "гэтае імя было самым папулярным сярод усіх дасланых варыянтаў (згадвалася 9 разоў)". Старшыня гарвыканкама таксама паабяцаў, што будзе інфармаваць падпісчыкаў свайго тэлеграм-канала пра жыццё бычка-талісмана, "яго характар, рацыён харчавання, публікаваць цікавыя фатаграфіі і відэа".

"Напярэдадні Новага года Сняжок адчувае сябе выдатна. Актыўны, прыязны, добра есць", — дадаў Рагачук.

Ён таксама паведаміў, што ўжо цяпер думае над тым, дзе Сняжок будзе сустракаць 2022 год. Адзін з варыянтаў — "сіламі берасцейцаў выкупіць і пасяліць талісмана ў нашым заавугалку ў гарадскім парку".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.