Вы тут

У Брэсце перапахавалі парэшткі 1214 расстраляных вязняў гета

Тут і далей фота: Станіслаў Коршунаў / TUT.by

22 траўня на Паўночных могілках Брэста адбялася незвычайная цырымонія. Зямлі аддалі парэшткі 1214 расстраляных вязняў Брэсцкага гета, выпадкова знойдзеных у цэнтры горада падчас будаўніцтва элітнага жылога квартала.

На жалобнай цырымоніі прысутнічала некалькі соцень чалавек, піша TUT.by. Сярод іх — прадстаўнікі гарадскіх і міжнародных габрэйскіх арганізацый, дыпламаты, чыноўнікі, неабыякавыя грамадзяне. Парэшткі пахаваныя ў 120 трунах з габрэйскай сімволікай, размешчаных у вялікай агульнай магіле.

Афіцыйныя асобы казалі ў сваіх прамоваў пра жахі Халакоста і заклікі бароцца з ксенафобіяй і нецярпімасцю.

“Для нас Халакост — гэта падзея, з якой мы працягваем жыць. Доказ таму — тое, што мы бачым тут сёння. Мы на пахаванні. Пахаванне — гэта канец жыцця. Тое, што гэты канец адбыўся больш за 70 гадоў таму, не мае ніякага значэння”, — казаў Надзвычайны і Паўнамоцны амбасадар Ізраіля ў Беларусі Алон Шогам.

“75 гадоў, як скончылася вайна, а мы ўсё вязем на могілкі, вязем на могілкі і вязем на могілкі. Калі ж гэта скончыцца?.. Сёння мы сабраліся тут, каб такое ніколі не паўтарылася”, — працягнуў думку старшыня праўлення брэсцкай габрэйскай абшчыны Барыс Брук.