Вы тут

У Брэсце кіроўца ўцёк з аднаго месца ДТЗ і адразу ж трапіў у другое

У аварыі кіроўца не пацярпеў / ДАІ Брэста

У Брэсце нецвярозы кіроўца 3 ліпеня трапіў у падвойнае ДТЗ. Спачатку жыхар Брэста сутыкнуўся з аўтамабілем таксі, з'ехаў з месца ДТЗ і амаль адразу трапіў у кювет.

Як паведамілі ў ДАІ Брэста, 33-гадовы кіроўца на Аўдзі-80 ехаў па вуліцы Чырвонагвардзейскай і сутыкнуўся з таксоўкай. Мужчына пакінуў месца аварыі, разагнаўся на сваім аўто, не справіўся з кіраваннем і перакуліўся на машыне недалёка ад чыгуначнага пераезду. Як высветлілася, у крыві мужчыны выявілі 1,9 праміле алкаголю, што амаль у два разы перавышае дапушчальную норму. Свой стан кіроўца растлумачыў тым, што да яго ў госці прыехала сястра, а ён паехаў у краму.

У дачыненні да правапарушальніка складзены адміністрацыйныя матэрыялы, у тым ліку за кіраванне ў нецвярозым стане і ДТЗ. 

Нагадаем, з 1 сакавіка 2021 года набылі моц змяненні ў Кодэксе аб адміністрацыйных правапарушэннях: пакаранне за п'яную язду стала больш сур'езным. Пры наяўнасці абсалютнага этылавага спірту ў крыві ці выдыханым паветры ў канцэнтрацыі да 0,8 праміле ўключна — штраф 100 базавых велічынь з пазбаўленнем права займацца дзейнасцю, звязанай з кіраваннем транспартнымі сродкамі, тэрмінам на тры гады. Звыш 0,8 праміле — штраф у памеры 200 базавых велічынь з пазбаўленнем права кіраваць аўтамабілем на пяць гадоў. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.