У Бешанковічах хуліганы з’елі кветкі

Гэта былі не проста кветкі, а рэчавыя доказы здзейсненага імі адмістрацыйнага правапарушання. Кветачак п’яныя мужыкі нарвалі ў цэнтры горада, на клумбе ля помніка Леніну. Быў у той час ужо вечар, але яшчэ светла.
Кожны выдраў з карэннем па тры цюльпаны. Не, не дзеля таго, каб дзяўчатам падарыць. Кветкі яны планавалі прадаць ці хаця б памяняць на шклянку віна. На іх бяду, побач апынуўся неабыякавы мінак.

Сам ён не рызыкнуў звязвацца з двума п’янымі дзядзькамі. Але першую ж міліцэйскую машыну спыніў і паказаў, у якім напрамку пайшлі хуліганы, што абадралі клумбу. У машыне ехаў дадому начальнік Бешанковічскага РАУС Мікалай Латышаў.

Ён дагнаў п’яніц з букетамі, паклаў іх на зямлю, затрымаў, а потым адправіў разам з кветкамі у пастарунак. Аказалася, хуліганаў тых у міліцыі добра ведаюць. Адзін - мясцовы жыхар, якога выгналі з працы за п’янкі. Другі - бомж, які не так даўно выйшаў з турмы.

Абодвум мужыкам гадоў пад сорак.
Паводле спадара Латышава, толькі ён сеў за вячэру, як з райаддзела патэлефанавалі: маўляў, пакуль давезлі тых хуліганаў, у іх кветкі з рук зніклі. Затое шчокі, як у хамякоў, і пялёсткі з роту тырчаць!

Выцягнуць тыя пялёсткі міліцыянты не паспелі - затрыманыя хуценька праглынулі рэшткі рэчавых доказаў. Мікалай Латышаў прызнаўся, што вельмі хваляваўся за здароўе хуліганаў. Цюльпаны ж да ядомых раслін не адносяцца. Але ні той, ні іншы не зарабілі нават разладу страўніка. Нібыта вітамінку з’елі, дзівіліся міліцыянты.
 
Нягледзячы на тое, што кветкі мужыкі з’елі проста са сцяблінамі і лісцем, не пакінуўшы нічога, пакаранне ім усё ж прызначылі. За непрацуючага п’яніцу штраф у 310 тысяч выплацілі родныя. А кветкаеду-бамжу давялося адседзець дзесяць сутак, бо грошы на штраф ён знайсці не мог.

Ядвіга Сташэўская, Еўрарадыё, Віцебск.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі