У Беларускім марскім параходстве — адзін карабель

"Надзея" Беларускага марскога параходства / gp.by
"Надзея" Беларускага марскога параходства / gp.by

Ужо паўтара дзясятка гадоў у Беларусі існуе марское параходства. Яно распараджаецца адным караблём, які называецца "Надзея". Судна выкарыстоўваецца для перавозкі грузаў ва Украіне.

Нягледзячы на тое, што "Надзея" належыць марскому параходству, яна выходзіла ў мора толькі адзін раз — у 2019 годзе, калі ячмень з Таўрыйска трэба было перагрузіць на сухагруз, які стаяў на знешнім рэйдзе Мікалаеўскага порта.

Беларускае марское параходства плануе развівацца. На 320 тысяч рублёў ад Мінтранса "Надзею" сёлета мадэрнізавалі: пашырылі грузавы трум, абсталявалі больш магутнымі сілавымі ўстаноўкамі.

"Спадзяёмся, што, павялічыўшы быстраходнасць і грузападымальнасць судна, у гэтым годзе зможам рэзка павялічыць аб'ём экспарту паслуг", — расказвае газеце "Белорусы и рынок" дырэктар Беларускага марскога параходства Андрэй Касьянюк. У 2019 годзе "Надзея" перавезла 10,2 тысячы тон розных грузаў, экспарт паслуг склаў больш за $80 тысяч.

У планах у "Надзеі" — рэйсы паміж Мазыром і Кіевам. "Ніжэй Кіева пакуль не можам сысці, бо Канеўскі шлюз цяпер на рамонце, — працягвае Андрэй Касьянюк. — Але ўкраінскі бок пакуль не выканаў абяцаных работ па паглыбленні дна. Калі ўсё будзе зроблена, то з Кіева будзем вазіць збожжавыя, а з Мазыра — металапракат, угнаенні, будматэрыялы і прадукцыю нашых нафтахімічных прадпрыемстваў".

Яшчэ ў Беларусі ёсць прамысловы флот. Ён таксама прадстаўлены толькі адным суднам, якое называецца ПСТ МК-0551 "Брэст", а да таго называлася "Канатоп". З лютага 2017 года карабель знаходзіцца ва ўласнасці ТАА СП "Саюзрыба", сярод заснавальнікаў якога — беларуска-германскае ТАА СП "Санта Брэмар".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі