У Беларусі зацвердзілі правілы эксплуатацыі надзіманых атракцыёнаў

У Беларусі зацвердзілі патрабаванні да эксплуатацыі надзіманых атракцыёнаў. Адпаведную пастанову МНС № 35 апублікавалі сёння на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.

Паводле правілаў, гульнявое надзіманае абсталяванне — гэта канструкцыя, якая падключаецца да крыніцы бесперапыннай падачы паветра для падтрымання зададзенай формы і якая прызначаная для выкарыстання дзецьмі ва ўзросце да 14 гадоў. На такой канструкцыі можна гуляць, скакаць, коўзацца і скатвацца.

Патрабаванні будуць абавязковымі для ўсіх арганізацый, якія ўсталёўваюць надзіманае гульнявое абсталяванне, а таксама займаюцца яго тэхнічным абслугоўваннем, атэстацыяй, мадэрнізацыяй і рамонтам.

Пляцоўкі, на якіх усталёўваюць такія канструкцыі, павінны адпавядаць патрабаванням правілаў. Пастанова набывае моц з 1 кастрычніка 2015 года.

Сёлета ў траўні ў Горках адбыўся інцыдэнт, у якім пацярпела дзевяць дзяцей. Два надзіманых атракцыёны прыўзняло і перакуліла ветрам. Дзеці атрымалі пашкоджанні і трапілі ў лякарню. Па факце здарэння распачалі крымінальную справу, аднак падчас расследавання высветлілася, што ў Беларусі проста няма правілаў эксплуатацыі такіх атракцыёнаў, паведамляе БЕЛТА.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі