У Беларусі выявілі буйное махлярства ў сферы аўталізінгу

У Беларусі выявілі буйное махлярства ў сферы аўталізінгу

У Беларусі выявілі буйное махлярства ў сферы аўталізінгу. Страты трох лізінгавых арганізацый склалі больш за 260 тысяч рублёў (каля 112 тысяч долараў). Як паведамляе ў Telegram прэс-служба МУС, махлярствамі займалася група з трох чалавек, у якую ўваходзілі 41-гадовы расіянін і два 35-гадовыя беларусы. Яны знаходзілі людзей, якім прадстаўляліся кіраўнікамі фірмаў, якія займаюцца пракатам іншамарак і жадаюць пашырыць свой аўтапарк. За разавы ганарар прапаноўвалі заключыць дамовы лізінгу на набыццё аўтамабіляў, абяцалі штомесяц плаціць па крэдыце. Зразумела, што яны нічога не плацілі, а ўсе даўгавыя абавязальніцтвы мусілі выконваць людзі, на якіх былі аформлены дакументы.

Далей схема працавала наступным чынам. Лізінгавыя кампанія пераводзілі грошы на рахунак прадаўцоў аўтамабіляў. Але яны таксама былі падстаўнымі асобамі і машыны рэгістраваліся на іх фармальна. У махляроў заставаліся і грошы, і аўтамабілі.

Вядома пра больш за дзясятак эпізодаў махлярскай дзейнасці. Усе яны адбыліся ў 2019 годзе. Міліцыя цяпер шукае аўтамабілі BMW X5, Lexus RX, Jeep Grand Cherokee. Высвятляюцца іншыя эпізоды дзейнасці групы, удзельнікі якой затрыманыя. Па факце махлярства ў асабліва буйным памеры распачатая крымінальная справа.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі