У Беларусі вырасла колькасць выпадкаў жорсткага абыходжання з жывёламі

Больш стала і злачынстваў, і правапарушэнняў, звязаных з жорсткім абыходжаннем з жывёламі / ілюстрацыйнае фота pixabay.com
Больш стала і злачынстваў, і правапарушэнняў, звязаных з жорсткім абыходжаннем з жывёламі / ілюстрацыйнае фота pixabay.com

У Беларусі вырасла колькасць злачынстваў, звязаных з жорсткім абыходжаннем з жывёламі. За дзесяць месяцаў гэтага года было зарэгістравана каля 30 такіх злачынстваў. А ў мінулым за аналагічны перыяд іх было 26, піша sb.by са спасылкай на прадстаўніка МУС Дзяніса Жука. Гаворка пра дзеянні, якія падпадаюць пад адпаведны артыкул Крымінальнага кодэкса.

"Антылідары ў гэтай статыстыцы — Гродзенская і Брэсцкая вобласці, дзе зарэгістравана па шэсць падобных правапарушэнняў, у Гомельскай — пяць, у Мінскай і Магілёўскай — па чатыры, Віцебскай — тры і ў Мінску — два", — распавядае Дзяніс Жук.

Больш — у паўтара разы — у параўнанні з мінулым годам стала і правапарушэнняў. Гаворка пра артыкул 16.29 КаАП РБ ("жорсткае абыходжанне з жывёлай або пазбаўленне ад жывёлы").

Выданне нагадвае пра інцыдэнт у Полацку, калі п'яны мужчына пры гасцях скінуў з балкона дзясятага паверха ката. Жывёла загінула. Гэта бачылі мінакі, якія і паведамілі пра гэта ў міліцыю. З пнеўматычнай зброі ў Гродзенскім раёне быў застрэлены кот, а ў Лідзе — два сабакі.

КК Беларусі прадугледжвае за жорсткае абыходжанне з жывёлай пакаранне ў выглядзе грамадскіх работ або штрафу. Яшчэ могуць пакараць папраўчымі работамі на тэрмін да 1 году альбо арыштам. Максімальнае пакаранне — пазбаўленне волі да 3 гадоў — прадугледжана ў тым выпадку, калі злачынства здзейснена паўторна або групай асоб.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі