Вы тут

У Беларусі "вяселячы газ" прадаюць праз Telegram. Гэта наогул законна?

Прапанова купіць закіс азоту ў "Тэлеграме" / "Тэлеграм"

Беларускія карыстальнікі "Тэлеграма" сталі атрымліваць спам-паведамленні з прапановай купіць "закіс азоту для весялосці". "Эфект прыемнай эйфарыі", "галава не баліць", "хоць за руль", — расхвальвае свой тавар прадавец. "Вяселячы газ" абяцаюць даставіць у любое месца Беларусі.

Яшчэ ў 2013 годзе Мінгандаль Беларусі хацеў забараніць гандаль вяселячым газам. "З інтэрнэт-гандлю мы яго ўжо практычна адабралі", — каментавала ініцыятыву намеснік міністра Ірына Наркевіч.

І вось — рэцыдыў. "Вельмі храновая рэч", "Чакаем даўба*баў з шарыкамі на Зыбіцкай [тусовочная вуліца ў Мінску. — Еўрарадыё]", "Дабралася-ткі", — рэагуюць у каментарах.
 

Што за закіс азоту?

Закіс азоту — першы ў свеце газ, які пачалі ўжываць для наркозу. Яго выкарыстоўваюць у медыцыне, у харчовай прамысловасці, на тэхнічныя мэты, для запаўнення паветраных шароў. Гадоў дзесяць таму закіс стаў папулярны ў моладзі ў розных краінах свету. "Вяселячы газ" удыхаюць з надзіманых шарыкаў, каб зняць стрэс і расслабіцца.

"Вяселячы газ" і невясёлыя наступствы / narcononeurope.dk

Дактары кажуць, што эфект можа быць розным: ад эйфарыі і радасці да лятальнага канца — пры перадазаванні. З 2012 года, калі мода на "вяселячы газ" дакацілася да постсавецкіх краін, расійскія СМІ пісалі пра смерць хлопца і дзяўчыны, побач з якімі быў знойдзены пашкоджаны балон з закісам азоту; пра кампанію, якая трапіла пасля яго ў псіхбальніцу; пра сутыкненне машын, кіроўцы якіх таксама ўжывалі "вяселячы газ", і гэтак далей.

Ці чуў пра гэта прадавец, які рассылае рэкламу ў "Тэлеграме"?
 

"Нават адзін начны клуб у Гомелі купляе"

"Ёсць некалькі відаў закісу, яны ўдыхалі тэхнічны, незразумела дзе яго ўзялі, — адказвае ён Еўрарадыё. — Той, пра які мы гаворым, — харчовы. Наступстваў няма. Яго яшчэ выкарыстоўваюць у некаторых стаматалагічных кабінетах і ў гінекалагічных. Здымае пачуццё страху".

Падумаўшы, прадавец усё ж дадае: "Натуральна, калі цэлымі днямі хадзіць і дыхаць ім, то могуць быць наступствы, ну як ад любога іншага прадукту".

Затое, пераконвае прадавец, нават калі нарвацца пад газам на міліцыю, "спажыўцу нічога не будзе". У МУС Еўрарадыё расказалі, што закіс азоту не ўваходзіць ні ў адзін з пералікаў забароненых рэчываў. Але артыкула Адміністрацыйнага кодэкса за з'яўленне ў грамадскім месцы ў стане, выклiканым ужываннем без прызначэння доктара-спецыяліста таксічных або іншых адурманьваючых рэчываў і штрафу ад 135 да 270 рублёў ніхто не адмяняў.

"Гэта ж звычайная харчовая дабаўка, — працягвае ўгаворваць прадавец і ставіць смайлік. — Вось, напрыклад, у крамах прадукты ў пластыкавых латках у плёнцы. Унутры замест паветра — закіс. Не бойцеся. За такое ў РБ нават артыкула ніякага няма. Мы ўжо амаль год у РБ пастаўляем, ніколі праблем ні ў кога не было. Нават адзін начны клуб у Гомелі купляе".

Пра які клуб ідзе гаворка, прадавец не сказаў. Але дадаў, што купляе "вяселячы газ" у кампаніі "Закіс Ашота" ў Маскве. На яе сайце пазначана, што "сертыфікаваны чарапавецкі газ" выраблены па ДАСТах Расійскай Федэрацыі і прадаецца без парушэнняў расійскага заканадаўства.
 

Дык забаронены ў Беларусі "вяселячы газ" ці не?

Аператыўна адказаць на гэтае пытанне ў Міністэрстве антыманапольнага рэгулявання і гандлю (так цяпер называецца Мінгандлю, які ў 2013 годзе збіраўся забараняць закіс азоту і практычна знішчыў гандаль ім праз інтэрнэт) Еўрарадыё не змаглі.

У арганізацыйна-фармацэўтычным аддзеле РУП "Белфармацыя" нам расказалі, што закісам азоту не гандлююць ні ў адной аптэцы краіны.

"Я чула, канешне, пра закіс азоту. Але мы з такой праблемай не сутыкаліся", — расказвае Еўрарадыё намеснік галоўнага доктара Мінскага гарадскога клінічнага наркалагічнага дыспансера Жанна Істоміна.

Паводле слоў беларускага нарколага, які не захацеў прадстаўляцца, імавернасць перадазавання вяселячым газам ёсць.

Фота выкарыстоўваецца ў якасці ілюстрацыі / alto-lab.ru

Закіс азоту ў Беларусі можа выкарыстоўвацца на медыцынскія мэты — але толькі па прызначэнні доктара і толькі ва ўстановах аховы здароўя. Міністэрства аховы здароўя папярэджвае, што "некантраляванае ўдыханне" рэчыва можа прывесці да ўскладненняў, у тым ліку арытміі, прыгнечання дыхання, недастатковасці кровазвароту, гіпертанічнага крызу.

Знайсці інфармацыю, што закіс азоту забаронены па лініі якога-небудзь з беларускіх ведамстваў, у нас не атрымалася. Можна зрабіць выснову, што ён у "шэрай" зоне.
 

А як у іншых краінах?   

У некаторых краінах (напрыклад, у Ізраілі, ЗША, Новай Зеландыі, Індыі) уведзены абмежаванні на продаж "вяселячага газу". Яшчэ ў 2014 годзе з папярэджаннем аб небяспецы закісу азоту выступілі ўлады Англіі і Уэльса. А ў красавіку 2019 года законапраект, які прапануе абмежаваць абарот закісу азоту ("вяселячага газу"), адправіў на дапрацоўку ўрад Расіі.

"Законапраект не дазваляе вызначыць, на якой стадыі, кім і пры якіх прыкметах будзе выяўлена немедыцынская, непрамысловая або нетэхнічная мэта вытворчасці і рэалізацыі закісу азоту", — адзначаецца ў водгуку.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.