У Беларусі павысілі многія падаткі — гэта закране амаль кожнага

Дзякуй, што падатак на паветра пакуль не ўвялі
Дзякуй, што падатак на паветра пакуль не ўвялі

Новая рэдакцыя Падатковага кодэкса ўступіла ў сілу з 1 студзеня. У дакуменце ўлады падрыхтавалі для беларусаў шмат "падарункаў", сярод іх павышэнне падатковых ставак і адмена льгот.

Напрыклад, з 1 студзеня паднялі падаходны падатак для супрацоўнікаў кампаній – рэзідэнтаў Парку высокіх тэхналогій і "Вялікага каменя": з 9% да 13%. Паводле задумкі ўладаў, толькі гэтая мера дапаможа прыцягнуць у бюджэт дадатковыя 170 мільёнаў рублёў. Аднак жа, чыноўнікі вырашылі забыцца пра досыць масавы рэлакейт беларускіх айцішнікаў і тое, што адмена льгот можа толькі паспрыяць гэтаму.

ПДВ у памеры 10% цяпер абкладаюцца лекі і медвырабы. Прычым, тычыцца гэта досыць вялікай колькасці тавараў: ад антыбіётыкаў да вазеліну. Акрамя таго, ПДВ у 20% будуць плаціць пры ўвозе сыравіны для лекаў і пратэзаў і камплектуючых для медвырабаў.

Прыкметна скарочаны цяпер спіс харчовых тавараў і тавараў для дзяцей, пры продажы і ўвозе якіх усталёўваецца ПДВ у памеры 10%. Замест яго падатак у 20% будуць плаціць па шэрагу катэгорый тавараў, уключаючы кандытарскія вырабы з цукру, мёд, рыбныя кансервы і цацкі.

Таксама з 18% да 30% паднялі падатак для аператараў сотавай сувязі. Да іх гонару, аператары ўжо паабяцалі, што возьмуць дадатковую нагрузку на сябе, а абаненты не заўважаць змены коштаў.

Акрамя таго, з 1 студзеня ў Беларусі павысілі падаткі для тых, хто здае кватэры, лецішчы, гаражы і парковачныя месцы. У розных гарадах — па-рознаму, часам гаворка ідзе аб росце стаўкі на 40%.

Замест дарожнага збору ў краіне ўведзены транспартны падатак. Стаўка залежыць ад габарытаў транспартнага сродку: ад 41 рубля ў год для матацыклістаў да 223 для тых, хто валодае машынамі вагай больш за тры тоны.

Нарэшце, цяпер мясцовыя ўлады могуць уводзіць пошліны за выезд за мяжу на аўто. Праўда, пакуль нідзе такі збор не ўведзены.

Цікава, што, нягледзячы на павышэнне шэрагу падаткаў, у цэлым даходы (у тым ліку падатковыя) рэспубліканскага бюджэту запланаваны ў меншым аб'ёме, чым у 2020-м. То-бок, увядзенне новых збораў не выключана.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі