У БДУ пакуль не ведаюць колькі будзе каштаваць навучанне

У прыёмнай камісіі гавораць, што на коштах будуць адбівацца дзяржаўныя працэсы, напрыклад, цаны на газ. Еўрапейскае радыё дазналася, што самай дарагой спецыяльнасцю ў беларускіх ВНУ з’яўляецца стаматалогія. Нечаканасцю таксама стала тое, што ў Беларускім дзяржаўным універсітэце дагэтуль не вызначыліся з коштамі на навучанне і называюць толькі прыблізныя лічбы.

Прыёмная камісія БДУ: “Кошт можа падняцца, можа апусціцца. Можа здарыцца ўсё што заўгодна. Але ў два разы яна не падвысіцца, можа на 100 долараў стане больш. Але наконт памеру аплаты я вам нічога гарантаваць не магу”.

У прыёмнай камісіі БДУ Еўрарадыё таксама зазначалі, што на коштах будуць адбівацца дзяржаўныя працэсы. У мінулым годзе ўплывовым фактарам стала падвышэнне коштаў на газ.

Такім чынам, маладыя людзі падаюць дакументы і вынікі тэставання, і яшчэ дакладна не ведаюць, колькі будуць плаціць за навучанне. Але ў большасці галоўных ВНУ краіны з платай за навучанне ўжо разабраліся і шмат, дзе яна падвысілася. Напрыклад, у Беларускай акадэміі мастацтваў на факультэце, дзе навучаюць камп’ютарнаму дызайну, кошт цяпер складае…

Прыёмная камісія БАМ: “2 мільёны 650 тысяч на год. А акцёрскае аддзяленне — 2 мільёны 440 тысяч на год. Аплата змяняецца штогод. Так для тэатралаў летась складала 2 мільёны 300 тысяч плацілі, а дызайнеры — 2 мільёны 250 тысяч”

Ня значна, але тэндэнцыйна падвышаюцца кошты і ў іншых універсітэтах краіны. Асабліва на прэстыжных і нятанных спецыяльнасцях, кшталту стаматалогіі. Паводле інфармацыі прыёмнай камісіі навучанне там будзе каштаваць 5 мільёнаў 450 тысяч на год.

Прыёмная камісія Медуніверсітэта: “У мінулым годзе навучанне было крыху таннейшым. А ў гэтым вырасла на 350 тысяч рублёў.”

Але калі ўважліва падыйсці да выбару факультэту, можна сэканоміць. Таму што адна спецыяльнасць у розных ВНУ каштуе па-рознаму. Напрыклад, журналістыка ў педуніверсітэце танней чым ў БДУ. У галоўным універсітэце краіны 2 мільёны 386 тысяч рублёў, а ў педагагічным — каля 2 мільёнаў рублёў.

Такая ж розніца і ў коштах платнага навучання замежным мовам. У Мінскім дзяржаўным лінгвістычным універсітэце заўважна даражэй, чым у БДУ і педуніверы. Навучанне на ўсіх факультэтах ін’язу вам абыдзецца ў 3 мільёны 248 тысяч рублёў, што амаль на 900 тысяч больш, чым ў БДУ. Але ёсць і прыемны момант – у лінгвістычным кошты засталіся тымі, што і ў мінулым годзе.

Але як высветліла Еўрапейскае радыё трапіць на платнае навучанне не так проста. Справа не ў тым, што грошай можа не хапіць. Трэба яшчэ мець някепскі сертыфікат. Так летась у Беларускім дзяржаўным інстытуце інфарматыкі і радыёэлектронікі на платнае аддзяленне па спецыяльнасці” эканоміка і арганізацыя вытворчасці” конкурс быў больш за 3 чалавекі на месца пры даволі высокім прахадным бале каля 220.

Еўрарадыё заўважыла і яшчэ адну акалічнасць. Шмат на якіх факультэтах бюджэтных месцаў у некалькі разоў меней чым платнае. Напрыклад, у Педагаічным універсітэце на спецыяльнасці “кампьютарная графіка”, бюджэтных месцаў усяго 5, затое платны набор там складае 45 чалавек. І такі выпадак не адзіны.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі