У базе МУС Статкевіч дагэтуль лічыцца зняволеным
Мікалай Статкевіч / t.me/statkevichm
Мікалай Статкевіч нават пасля знаходкі пашпарта не можа атрымаць па ім пенсію, бо ў базе МУС ён дагэтуль лічыцца зняволеным. Пра гэта палітык напісаў у сваім тг-канале.
Статкевіч 11 верасня 2025 года адмовіўся прымусова пакідаць Беларусь і выйшаў на мяжы. Пасля гэтага яго вярнулі за краты ў Глыбокае, дзе ў палітвязня здарыўся інсульт. Пасля рэанімацыі Статкевіча без дакументаў перадалі жонцы, якая даставіла яго дадому.
Пашпарт палітвязня знайшоўся напярэдадні ў СІЗА №1 у Мінску.
"Высветлілася, што аднавіць пенсію па ім адным нельга — трэба яшчэ даведка аб вызваленні. Тым болей, што, як мне паведамілі, згодна з базай даных МУС я дагэтуль лічуся зняволеным у ПК-13 у Глыбокім", — піша Статкевіч.
Але калі ён звярнуўся ў СІЗА па даведку аб вызваленні, намеснік начальніка па аператыўнай рабоце заявіў, што даведку выдаць не можа: "Бо яны мяне "не вызвалялі", а я быў вывезены з турэмнай бальніцы пры СІЗА "планавым канвоем". А пашпарт і рэчы мне аддалі, бо яны "належаць мне". Праўда, ніяк не патлумачыў, чаму мая жонка Марына апынулася ў складзе таго "планавага канвою". Мо хіба што ўзначальвала яго?.."
Статкевіч спасылаецца на заяву Наталлі Эйсмант, прэс-сакратара Лукашэнкі. Пасля таго, як хворага вязня перадалі жонцы, Эйсмант заяўляла ў СМІ, што Лукашэнка яшчэ ў верасні 2025-га падпісаў указ аб яго памілаванні.
"Я прыгадваю, як адна афіцыйная дама ў тэлевізары сцвярджала, што мяне нібыта вызвалілі згодна з "указам аб памілаванні" яшчэ ў верасні мінулага года. Але хто той указ бачыў... А дамы бываюць часам такімі пераменлівымі", — саркастычна адзначае Статкевіч.
Ён дадае, што канчаткова заблытаўся ў сваім юрыдычным статусе.