Пашпарт Мікалая Статкевіча знайшоўся ў мінскім СІЗА №1
Мікалай Статкевіч пасля вызвалення / фота з сацсетак Марыны Адамовіч
Пашпарт экс-палітвязня Мікалая Статкевіча знайшоўся ў мінскім СІЗА №1.
Пра гэтую знаходку палітык расказаў у сваім тг-канале:
"Нарэшце атрымалася знайсці мой пашпарт. Чамусьці, ў Мінску ў СІЗА-1. Разам з пашпартам знайшліся і мае турэмныя рэчы, сярод якіх "судовы" прысуд і рашэнне "апеляцыйнай інстанцыі". Цікавыя дакументы для будучых даследчыкаў ці следчых. Таксама ёсць рашэнне "суда", якое забараняе мне пакідаць краіну і (які жах!😊) наведваць казіно".
Мікалая Статкевіча, які 11 верасня 2025 года адмовіўся прымусова пакідаць Беларусь, трымалі ў калоніі ў Глыбокім. Там у яго здарыўся інсульт, пасля якога палітвязень тры тыдні правёў у рэанімацыі. 19 лютага 2026-га жонцы дазволілі яго забраць дадому, але не выдалі ніякіх дакументаў.