У 2017 годзе Нацбанк мусіць выплаціць па пазыках не менш за 5 млрд долараў

У 2017 годзе Нацбанк мусіць выплаціць па пазыках не менш за 5 млрд долараў

Па сукупным дзярждоўгу ў 2017 годзе Беларусь павінна выплаціць 7729 млн новых рублёў. Такая лічба закладзеная ў бюджэт краіны, паведамляе сайт banki24.by. З гэтай сумы 4001 млн рублёў пойдуць на пагашэнне і абслугоўванне знешняй дзяржпазыкі, а 3728 млн рублёў — на ўнутраную дзяржпазыку.

Паводле прагнозаў Мінфіну сярэднегадавы курс долара ў 2017-м складзе 2,1954 рубля. Зыходзячы з гэтага і разлічаны гадавы бюджэт краіны. Згодна з гэтым курсам на пагашэнне і абслугоўванне знешняй дзяржпазыкі пойдзе 1822 млн долараў у эквіваленце.

Большая доля выплат па ўнутранай дзяржпазыцы таксама намінаваная ў замежнай валюце. Агульныя валютныя выплаты па ўнутранай дзяржпазыцы перавышаюць 1,3 млрд долараў. Такім чынам, мінімальныя выдаткі на пагашэнне і абслугоўванне ўсёй дзяржаўнай пазыкі ў валюце складае на 2017 год 3,1 млрд долараў. Прычым больш за палову гэтай сумы (каля 1,6 мільярда долараў) пойдзе на выплаты па расійскіх і кітайскіх крэдытах.

Акрамя выдаткаў на пагашэнне і абслугоўванне дзяржпазыкі улады мусяць яшчэ расплочвацца па валютных аблігацыях Нацбанка. Толькі асноўная пазыка для пагашэння на 2017 год складае 1 551,3 млн долараў і 291,2 млн еўра, што эквівалентна 1,8-1,9 млрд USD. Найбольшыя выплаты Нацбанк мусіць зрабіць у студзені: на пагашэнне аблігацый давядзецца выдаткаваць 359 млн долараў і 129,3 млн еўра.

Склаўшы разам усе выдаткі на пагашэнне дзяржаўнай пазыкі і выплаты па валютных аблігацыях, эксперты сайт banki24.by атрымалі суму выплат у 5-5,1 млрд долараў за 2017 год. Прычым гэтыя выплаты ўлічваюцца толькі па лініі Нацбанка і Мінфіна. У гэтую суму не ўваходзяць сумы выстаўленых да пагашэння дзяржгарантыяў па валютных крэдытах і пазыках прадпрыемстваў рэальнага сектара.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі