Троіца. "Зімачка".

Гэтым разам яны пайшлі
па шляху альбома “Сон-трава” і падвоілі ці нават патроілі даўжыню песень. У
выніку дзевяць “зімачкіных” песень гучаць больш за гадзіну. Аднак гэты час
пралятае незаўважна.  На адным дыханні.
Гадзіна разбіваецца на мноства сняжынак, якія заляцелі на беларускую зямлю з
розных краёў свету — з Тувы, Турцыі, Чарнагорыі, Іспаніі і нават Кітаю.

Другі бок эксперыментаў
“Зімачкі” — вялікая ўвага разгорнутым інструментальным кавалкам. Музычным
інструментам, якімі славіцца “Троіца”, нарэшце далі магчымасць выказацца. І яны
загаварылі, заспявалі, разышліся, як ніколі. Дзякуючы ім песні набылі большую
глыбіню, раскрыліся вочы і чакры, рукі дакрануліся, душа зразумела…

За конт 400 трэкаў,
якія склалі альбом, з’явілася 5(!) Кірчукоў і 10(!) Юр! Моцныя і трапныя пачкі
на “Зімачцы” нагадваюць старажытныя мужчынскія спевы, вакалізы Івана Іванавіча
пераносяць слухача ў касмічныя далягляды, дзе можна сустрэць нашых Продкаў.
Менавіта пра іх —  “Зімачка”: пра іх
Мудрасць, якая жыве ў вяках і дзякуючы “Троіцы” спрабуе пранікнуць у свядомасць
сучаснага беларуса.

На
прэс-канферэнцыі, прысвечанай выхаду альбома, музыкі “Троіцы” падкрэслілі, што
ўпершыню пісалі дыск на студыі, дзе працуюць “па-даросламу”. “Даросласць”
альбома чуецца не толькі ў выдатным празрыстым і амаль ідэальным гучанні (цалкам
ідэальным яно ці бывае ўвогуле?), але і ў дзіўнай цэльнасці, падавалася б,
розных па жанры і сэнсе песень. Вясельныя, якія на альбоме пераважаюць, хораша
суседнічаюць з лірычна-любоўнай “Казачэ” і калыханкай “Котка”.

Чамусьці “Зімачку”
не хочацца дзяліць на песні. Хутчэй на нумары аднаго вялікага твора, якому
ўласцівы сімфанізм як метад выказвання. Тым больш, што Продкі, чый подых адчувальны
ў альбоме “Троіцы”, шапочуць пра адлігу: “Мы ўпэўнены, што калі-небудзь
наступіць Адліга
(ва ўсім!). Зазвіняць вясновыя карагоды, затрашчаць купальскія
вогнішчы і зал’юцца весялосцю восеньскія кірмашы”
… Чакаем…

Новости других медиа
Загрузка...

Галоўнае

Выбар рэдакцыі