Трактарыст у сезон зарабляе ў пяць разоў больш за настаўніка

“У Беларусі трэба падвышаць прэстыж рабочых спецыяльнасцяў”, — выказваецца намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Аляксандр Радзькоў. Імкнуцца ўсе, а працаваць няма каму.

Хадзіць далёка не трэба — агракамбінат у Гродзенскім раёне шукае ажно шэсць даярак. Дзяўчына з аддзела кадраў гэтай гаспадаркі абяцае 5-6 мільёнаў заробку і працу дзень праз дзень! Але патрэбны добрыя адказныя даяркі.

Кадравік:  “Ну, у нас проста рашэнне было, каб замяніць некаторых работнікаў. Замяніць трэба, бо п'юць".

Еўрарадыё: І жанчыны п'юць?

Кадравік: “А чаму б і не? Яны працуюць, але могуць заваліць дойку, а прадпрыемства перадавое, вытворчасць…”.

Забойшчык жывёлы з заробкам ад 4 мільёнаў патрабуецца і ў Баранавіцкім комплексе “Усходні”, дзе не так даўно дзейнічаў кантрольна-прапускны рэжым з-за невядомай хваробы свіней.

“Спецыялісты сышлі, бо некаторыя звольніліся, на Расію паехалі. Свінню забіваюць токам, а потым у кожнага забойшчыка свая задача: хто галаву адразае, хто што. Зарабіць можна ад 4 мільёнаў і вышэй. Праца з 8.30 да 17.00 вечара штодзень”, — распісвае ўмовы кадравік з СВК “Усходні”.

Пры гэтым будучаму спецыялісту даюць дадатковы адпачынак за шкоднасць працы.

“З2 дні адпачынку, адзін дзень за кантракт, сем — з-за шкоднасці прафесіі. А каб выйсці на пенсію па льгоце на пяць гадоў раней, трэба адпрацаваць забойшчыкам жывёлы 12 гадоў”, — распавядае мне дзяўчына.

Але калі забойшчыку жывёлы ці даярцы плацяць за працу 4-6 мільёнаў, дык настаўніку замежнай мовы ў школе Мінска прапаноўваюць толькі 2,2 мільёна.

“Замужам? Колькі вам гадоў? Катэгорыя? Стаж працы? Якая ў вас мова — нам патрэбна ангельская”, — у школе № 109 задаюць па сто пытанняў у хвіліну і кажуць, што мне трэба прыйсці на сумоўе і настойваюць на тым, каб будучы спецыяліст абавязкова ўзяў абавязкі класнага кіраўніка.

“За гэта ж вельмі добра даплачваюць! За кожны ваш рух плаціцца. 2,2 мільёна — гэта мінімум настаўніку без адукацыі, а так можна і 5-6 мільёнаў зарабіць”, — настойваюць у СШ № 109 Мінска.

Настаўніца Святлана са стажам у 13 гадоў, аднак, кажа, што і на 5-6 мільёнаў для сям’і з трох чалавек не надта пашыкуеш.

“Калі я буду збіраць год па 100 долараў, пры гэтым буду сабе ў нечым адмаўляць, дык можна паехаць і за мяжу!” — прыводзіць асабістую статыстыку педагог.

Але якая настаўніца — трактарысту ў Кобрынскім раёне ў сезон плацяць за 11 мільёнаў! Выгодны жаніх!

Для тых, хто не гатовы ехаць у сельскую рамантыку, ёсць вакансія вадзіцеля тралейбуса ў сталіцы.

“Але нам патрэбны мінчане, бо яны праз цэнтр занятасці навучаюцца прафесіі вадзіцеля тралейбуса па спецыяльнай праграме, гэта каштуе 14 мільёнаў, а пасля два гады адпрацоўкі. Цэнтр занятасці нават судзіцца з двума вадзіцелямі, яны не захацелі адпрацоўваць два гады”, — распавядаюць мне ў тралейбусным парку № 3 Мінска. Ім патрэбны 3-4 чалавекі.

Тут кажуць, што будучы вадзіцель павінен прайсці спецыяльную медкамісію, дзе яму зададуць пытанні пра прафпрыдатнасць. І заахвочваюць выгадамі — засяленнем у інтэрнат літаральна ў дзень прыёму на працу, асобнай чаргой на будаўніцтва кватэры і заробкам ў 1000 долараў  — такі сярэдні заробак вадзіцеляў па іх парку, але спачатку я буду атрымліваць не болей за 7 мільёнаў.

А вось мінчукі на пытанне, хто зарабляе болей: рабочы ці спецыяліст з адукацыяй — упэўнена адказваюць, што ў Беларусі зарабляюць дэпутаты і бізнэсоўцы, астатнія — як пашчасціць уладкавацца на працу.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі