Тавары ў Інтэрнэце стануць даражэйшымі

Гандляваць праз Інтэрнэт стане больш складана, што непазбежна прывядзе да росту коштаў у Інтэрнэт-крамах. З 8 сакавіка гэтага году ў Беларусі пачне дзейнічаць новая пастанова 1161 Савета Міністраў, паводле якой у нашай краіне павінны быць удасканаленыя механізмы інтэрнэт-гандлю.

Асноўныя патрабаванні пастановы наступныя: гандляваць праз Інтэрнэт змогуць толькі юрыдычныя асобы, іх сайты павінны быць зарэгістраваныя Дзяржаўным цэнтрам бяспекі, мець нацыянальны дамен і захоўваць інфармацыю на серверы, які знаходзіцца ў Беларусі.


Але ж самае галоўнае — у кожнай інтэрнэт-крамы павінна быць рэальнае гандлёвае памяшканне. На пытанне, ці адаб’юцца ўсё гэтыя змены на гандлі праз Інтэрнэт, адказвае супрацоўнік мінскай Інтэрнэт-крамы Яўген:


Яўген: “Канечне, адаб’ецца. У некай ступені станоўча, у нейкай — адмоўна. Напэўна нешта прывядуць у парадак. Але ж з другога боку, будзе больш жорсткі кантроль.


Адпаведна будуць суровыя штрафы. Зноў жа ўсё залежыць ад таго, наколькі будзе кантралявацца выкананне гэтага дэкрэту.


Калі гэта будуць праходзіць акцыя адзін раз на паўгады, я думаю, што Інтэрнэт-крамы будуць гатовыя заплаціць штраф — канечне, у залежнасці ад яго памеру. А калі кантроль будзе вельмі жорсткім, шмат хто зачыніцца”.


На сённяшні дзень 70% беларускіх інтэрнэт-крамаў трапляюць пад новыя абмежаванні. Закрыццё значнай часткі з іх непазбежна. Распавядае супрацоўнік інтэрнэт-крамы Аркадзь:


Аркадзь: “Не ва ўсіх ёсць гандлёвыя месцы. Закрыюцца шматлікія магазіны. 5 гадоў таму органы наогул нічога не ведалі пра Інтэрнэт. Тут ужо нагода ёсць, дабраліся і да Інтэрнэту.


Канкурэнцыя ў Інтэрнэце будзе меншай. Цэны ўзрастуць. Знайсці гандлёвае месца — гэта ўжо нейкія выдаткі. Зараз для Інтэрнэт-крамаў расходы мінімальныя. Таму і кошты мінімальныя, таннейшыя за рынкавыя.


Як прывозілі тавар да хаты, так і будуць прывозіць. Спажывец зараз вопытны і ведае, што рабіць. Дзе якія пячаткі, каб стаялі, дзе хто павінен распісацца — усё ведаюць.


Тавар прывозіш, прадаеш, на працягу двух тыдняў, калі ласка, можна абмяняць. Таму розніцы няма, з гандлёвай кропкі, без гандлёвай кропкі.


Чалавек з дому завозіць тавар ці адтуль. Ніхто не будзе з гандлёвай кропкі вазіць тавар, як развазілі з кватэр, так і будуць развозіць”.


Зразумела, што з памяншэннем колькасці Інтэрнэт-крамаў і павелічэннем затрат на іх утрыманне, росту цэн нам не пазбегнуць. Ні для каго не сакрэт , што кошты, якія існуюць у рэальных крамах, куды вышэйшыя за тыя, якія нам прапануюць у Інтэрнэце.


Каб сваімі вачыма ўпэўніцца ў гэтым, мы вырашылі прайсціся па некаторых рэальных крамах горада Мінску, якія гандлюць мабільнымі тэлефонамі.


Вынік эксперыменту не стаў для нас нечаканасцю: калі тэлефон Nokia E70 ў звычайнай краме каштуе 670 долараў праз Інтэрнэт яго з лёгкасцю можна набыць за 490. Насамрэч розніца вельмі заўважная.



Фота — www.medik.al.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі