Вы тут

“Там тоны мёртвай рыбы”: пад Полацкам атручана цэлае возера?

УКантакце / СКАРГА, Полацк і Наваполацк

Шмат мёртвай рыбы знайшлі жыхары вёскі Азіна Полацкага раёна раніцай 27 траўня ў возеры Званае, бераг проста засыпаны ёю. Мяцовыя жыхары высоўваюць розныя версіі наконт прычын здарэння: тут і атручванне аміячнай салетрай, і скіды ў возера хлоркі. А ўлады пакуль нічога дакладнага сказаць не могуць і спасылаюцца на тое, што вынікі аналізаў проб вады яшчэ не гатовыя.

Еўрарадыё разбіраецца, што магло атруціць такую колькасць рыбы ў возеры пад Полацкам.

“Возера ўсё ў мёртвай рыбе, — абураюцца жыхары Полацкага раёна ў сацыяльнай сетцы “УКантакце”. — Там тоны мёртвай рыбы. Такога ніколі не было. Альбо аміячнай салетрай атруцілі, альбо скіды з хлоркай. Шкода жудасная. Мёртвае возера цяпер”.

“Уведзена надзвычайнае становішча”

У Азінскім сельсавеце нам распавялі, што пакуль канкрэтнай інфармацыі няма, а пра мёртвую рыбу чыноўнікам паведамілі жыхары.

“Узяты аналізы, прыязджалі эколагі, — распавяла Еўрарадыё кіраўніца спраў сельсавета Вольга Дзмітрыева. — Самі ад жыхароў даведаліся. Наколькі ведаю, ідзе нарада па гэтым пытанні. Што будзе далей, пакуль не ясна. Вядома, будзе зачыстка возера. Спецыяльныя службы працуюць. Пробы, аналізы, самі разумееце...”

У Полацкай міжраённай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету Еўрарадыё паведамілі, што “па дадзеным факце ўведзена надзвычайнае становішча”.  

“Пакуль разбіраемся, — адказалі ў інспекцыі. — Высноў і каментарыяў даць не можам. Факт мае месца быць. Цяпер падключаюцца ўсе магчымыя службы. Праца ідзе”.

“Альбо прырода, альбо забруджванне”

Для высвятлення прычын атручвання рыбы ў Полацкім райвыканкаме створаны штаб. У Наваполацкай гарадской інспекцыі прыродных рэсурсаў Еўрарадыё распавялі, што цяпер ідзе праца над аналізамі.  

“Пакуль канкрэтна нічога не магу растлумачыць, — кажа галоўны спецыяліст інспекцыі Міхаіл Мацкевіч. — Яшчэ няма вынікаў аналізаў з лабараторыі. Сведкаў, якія бачылі, што гэта было забруджванне, няма. Мы бачым паніжаную колькасць кіслароду па экспрэс-тэстах. Ёсць два варыянты: альбо прыроднае, альбо знешняе забруджванне. Але без вынікаў аналізаў пакуль нічога казаць нельга”.