СЗР РФ перадала Мінску інфармацыю пра планы Захаду ў дачыненні да Беларусі

Расшыфроўка апублікаванай размовы "Ніка і Майка" / Кадр з відэа​
Расшыфроўка апублікаванай размовы "Ніка і Майка" / Кадр з відэа​

Акрамя інфармацыі пра планы Захаду "расхістаць сітуацыю ўнутры Беларусі" расійская Служба знешняй разведкі перадала беларускім калегам яшчэ і свае ацэнкі таго, што адбываецца, заявіў кіраўнік СЗР Сяргей Нарышкін у інтэрв'ю журналісту Дзмітрыю Кісялёву, паведамляе РІА "Новости".

"Мы стараемся падказаць нашым калегам, як я ўжо казаў, тое, што думаюць, што робяць заходнія апаненты, і разлічваем, што гэты досвед будзе карысны", — сказаў Нарышкін.

На яго думку, Захад спрабуе на Беларусі метады дэстабілізацыі абстаноўкі, каб потым выкарыстаць іх у Расіі. "Але, прызнацца, нейкіх інавацый у Беларусі адзначана не было", — сказаў кіраўнік расійскай СЗР.

У канцы верасня Нарышкін заяўляў, што важную ролю ў беларускіх пратэстах адыгрываюць ЗША. Сцвярджаў, што ў падрыхтоўцы пратэстаў удзельнічалі інструктары ЦРУ і Пентагона і што Штаты  быццам імкнуцца ўцягнуць у антыўрадавыя акцыі каталікоў, дзейнічаючы праз ксяндзоў.

Пры гэтым кіраўнік расійскай СЗР па-ранейшаму не каментуе рэзанансны запіс, які нібыта перахапілі беларускія спецслужбы. Пра яго ў пачатку верасня расказаў Аляксандр Лукашэнка. Ён сцвярджаў, што гэта тэлефонная размова паміж Варшавай і Берлінам. Афіцыйныя беларускія СМІ апублікавалі "размову Майка і Ніка". Па словах Лукашэнкі, гэты перахоп быў адпраўлены на аналіз Нарышкіну ў Маскву.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі