Сыход Лукашэнкі — гэта паўсправы. Пытанне, як потым адбіцца ад РФ

Сыход Лукашэнкі — гэта паўсправы. Пытанне, як потым адбіцца ад РФ

Санкцыі значна звузілі кантакты паміж Беларуссю і Захадам. Гэта штурхае Лукашэнку ў абдымкі пуцінскай Расіі, бо цывілізаваны свет збольшага адмовіўся ад эканамічных і палітычных адносін з беларускім рэжымам. Ці гатовыя беларусы да шчыльнай інтэграцыі?

— Я час ад часу чую, што Лукашэнка цягне Беларусь у Расію, што ён павялічвае расійскі ўплыў у Беларусі. Але, на жаль, не заўжды чую абгрунтаванне таго, што адбываецца, — расказвае ў эфіры Еўрарадыё палітычны аглядальнік Серж Харытонаў. — Калі мы кажам пра сацыялогію, то падтрымка Расіі і Пуціна [ў Беларусі] не вырасла за апошнія гады. Знешне можа падавацца, што расійскі ўплыў павялічваецца. Але на ўзроўні простага чалавека стаўленне да Расіі не стала значна лепшым, чым яно было да вайны ці нават да 2020 года. Мы не назіраем рэзкага павелічэння жадаючых уступіць у склад Расіі.

Але хто будзе пытацца ў беларусаў — хочуць яны быць у складзе РФ, не хочуць? Сустрэліся “малодшы і старэйшы браты” ў Крамлі, пагаварылі, зрабілі бачнасць рэферэндуму — і вось табе “Белорусская губерния”. Што тады зробіць Захад? Выкажа занепакоенасць?

— На жаль, мне падаецца, што беларусы вельмі часта ўскладваюць адказнасць за Беларусь на ЗША, на Дзярждэп, на еўрапейцаў — на каго заўгодна, толькі не на сябе, — кажа Серж Харытонаў. — Пры гэтым, на жаль, мы маем абставіны, якія вельмі падобныя да сітуацыі 30-х — 40-х гадоў у Еўропе. І гэта сітуацыя не толькі беларуская, гэта сітуацыя ўсяго рэгіёна.

Беларускае пытанне не вырашаецца зараз выключна ў Беларусі. Яно часткова вырашаецца на расійска-ўкраінскім фронце, часткова ў Маскве. Пры гэтым на дадзены момант мы не можам казаць аб тым, што беларускае пытанне можна вырашыць проста прыбраўшы Лукашэнку. Калі ён знікае з сістэмы, то я думаю, шмат хто, у тым ліку на Захадзе, не мае разумення, што будзе адбывацца далей. Гэта звязана ў тым ліку з тым, што Расія зараз гатовая да актыўных вайсковых дзеянняў.

Я не думаю, што не было б рызыкі паўтору таго, што мы зараз назіраем ва Украіне. Што такі сцэнар не мог адбыцца ў жніўні 2020 года, калі Расгвардыя стаяла на беларускай мяжы. Пакуль РФ мае рэсурсы і досыць зброі для таго, каб па жаданні Уладзіміра Пуціна адбудоўваць СССР 2.0, да таго часу Беларусь знаходзіцца ў небяспецы страты свайго суверэнітэту, — папярэджвае палітычны аглядальнік.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі