Сябры пра Міхала Анемпадыстава: Ён проста фантанаваў вершамі і ідэямі

Сябры пра Міхала Анемпадыстава: Ён проста фантанаваў вершамі і ідэямі

Пайшоў з жыцця паэт, мастак, дызайнер Міхал Анемпадыстаў. Для большасці беларусаў ён найперш вядомы як аўтар вершаў “Народнага альбома”. Гісторыямі з жыцця, што паказваюць Міхала не толькі як творцу, але і як Чалавека з вялікай літары, з Еўрарадыё дзеляцца яго сябры.

 

Лявон Вольскі: Мы проста атрымлівалі асалоду ад такой нязмушанай, дурнаватай, іранічнай сумеснай працы над “Народным альбомам”

 

“Міхал у сярэдзіне 90-х гадоў мінулага стагоддзя працаваў у фірме, якая займалася гандлем фарбамі. І на працы ён пісаў тэксты — па некалькі за дзень. Проста фантанаваў тэкстамі, яго несла. А пасля ён прыносіў тыя вершы, паказваў іх сябрам. Там немагчыма было не ўзяцца за працу над імі — ён проста гарэў гэтым праектам (“Народны альбом” — Еўрарадыё). У Міхала было такое несумнеўнае натхненне, якое перадавалася іншым людзям, у тым ліку і мне. Спачатку мы проста “выдурняліся”, нам было прыемна гэтым праектам займацца, гэта вельмі адрознівалася ад таго, што мы рабілі ў сваіх асноўных праектах. Мы проста атрымлівалі асалоду ад такой нязмушанай, дурнаватай, іранічнай працы. І толькі калі праца над праектам наблізілася да завяршэння, стала зразумела: гэта сапраўды нейкая фундаментальная праца. Тыдзень таму Міхал мне тэлефанаваў… Адразу пасля “Народнага альбома” мы збіраліся рабіць “Марскі альбом”. Але праца над ім чамусьці зацягнулася на 20 гадоў. Міхал патэлефанаваў, сказаў, што напісаў некалькі тэкстаў, і хацеў бы сустрэцца — па гэтым праекце паразмаўляць...”

Сябры пра Міхала Анемпадыстава: Ён проста фантанаваў вершамі і ідэямі
Міхал Анемпадыстаў і Лявон Вольскі, фота http://90s.by

Ігар Варашкевіч: Станаўленне беларускага року наўпрост звязанае з Міхалам

 

“Мы знаёмыя з 80-х гадоў. Нягледзячы на тое, што ён не музыкант, станаўленне беларускага року адбывалася пры ўдзеле Міхала Анемпадыстава. Для гурта “Бонда” ён напісаў выдатны тэкст песні “Да неба”, менавіта ён зрабіў “Бондзе” лагатып вялікага жоўтага пацука. Мы збіраліся з Міхалам сустрэцца, але ўсё ніяк не атрымлівалася, і ўжо ўсё...”

Сябры пра Міхала Анемпадыстава: Ён проста фантанаваў вершамі і ідэямі
Ігар Варашкевіч, фота Еўрарадыё
Гурт "Бонда", песня "Да неба" на словы Міхала Анемпадыстава

Адам Глобус: “Мая краіна” Міхала — гэта гімн усяго нашага пакалення

 

“Самае асноўнае слова, якое круціцца на языку, калі гаворыш пра Міхала, — ён нічым не злоўжываў. Ён быў страшэнна выхаваны і страшэнна правільны чалавек. І таму так нечакана гэта ўсё выглядае…

Гісторыя такая: ён з рускай сям’і, выхаваны ў рускіх традыцыях — не наш, не зусім беларускі чалавек. Я быў галоўным мастаком усіх камісійных крамаў Мінска і ўзяў яго да сябе працаваць памочнікам. У вольны ад працы час я пісаў вершы па-беларуску і спакусіў яго. Кажу, мы з хлопцамі пішам апавяданні для дзяцей у “Бярозку” — давай і ты паспрабуй. Міхал спакусіўся і напісаў першае каляднае апавяданне. Ён так добра напісаў, а сам факт гэтага так моцна нас усіх узрадаваў! А потым ён напісаў верш “У чаканні калядаў”. Цяпер я радуюся, што паспеў хоць нешта добрае ў гэтым свеце зрабіць — спакусіць Міхала пісаць песні. Ён прыходзіў да нас на філасофскія семінары, потым мы разам стваралі “Тутэйшых”.

Міхал быў вельмі сацыяльна актыўным чалавекам. Можна сказаць, што яго “Мая краіна” — гэта гімн усяго нашага пакалення. Плакат яго “Двухмоўны беларус” — знакавы ў беларускім плакатным мастацтве. Міхал рабіў шмат сацыяльна значных рэчаў, да прыкладу, “Нацыянальнае праз колеразнаўства”. Ён заўсёды быў сацыяльным чалавекам — гэта важна. Але Міхал ніколі не быў гарлапанам — гэта іншае”.

Сябры пра Міхала Анемпадыстава: Ён проста фантанаваў вершамі і ідэямі
Адам Глобус, фота budzma.org

Зміцер Вайцюшкевіч: Беручыся чысціць буракі, я абавязкова званіў Міхалу

 

"Пэўны час таму Міхал Анемпадыстаў зацікавіўся караняплодамі і іх сувяззю з беларусамі і стварыў праект пад назвай “Uder Ground”. Міхал займаўся вельмі моцна каларыстыкай і распрацоўваў колеравую філасофію традыцыйных беларускіх раслін — буракоў, рэдзькі і гэтак далей. А я люблю гатаваць боршч. Ад першага дня, як пабачыў гэты яго праект, я, беручыся чысціць буракі, абавязкова званіў Міхалу і заўжды казаў аднолькава: “Чышчу бурак, думаю пра цябе”. Ён быў вельмі гумарны чалавек, вясёлы, добры суразмоўца. Мы часта разам некуды ездзілі, і дальняя дарога з ім падавалася кароткай".

Сябры пра Міхала Анемпадыстава: Ён проста фантанаваў вершамі і ідэямі
Зміцер Вайцюшкевіч, фота another.by

Сяргей Харэўскі: Міхал — класічная постаць эпохі беларускага нацыянальнага адраджэння

 

“У 1985 годзе я ўзяўся ствараць партыю з моладзі. Склаў спісы з сяброў, мы з імі на “партыйныя” сустрэчы хадзілі на закінуты стадыён. Памятаю, прыйшоў да мяне Міхал і папрасіў паказаць спісы маіх партыйцаў. І папрасіў зрабіць яму кавы. Я пайшоў рабіць яму каву і раптам чую пах гарэлай паперы. Прыбягаю, а ён на балконе спаліў усе гэтыя спісы, усе мае партыйныя дакументы. Ён усё ж быў на тры гады старэйшы і больш розуму меў. А далейшы досвед паказаў, што калі б тыя паперы трапілі ў рукі КДБ, то мала б не паказалася.

Я заўсёды арыентаваўся на яго: ён быў узорам паводзін, маральнасці, абсалютна бескампрамісны. Перфекцыяніст што да чалавечых стасункаў і што да ўласнай творчасці. Толькі ён мог, прыйшоўшы на мастацкі прагляд, на вуха сказаць, што гэта нічога не вартае — ён мог крытыкаваць вельмі жорстка. Але дзякуючы ў тым ліку і яму я рос як творца.

Мяркую, маштаб страты ад адыходу Міхала мы яшчэ не ўсвядомілі. З кім яшчэ яго можна параўнаць па суме зробленага? Паэт, мастак, дызайнер, публіцыст, таленавіты суразмоўца. А яго ўнёсак у музычную культуру, у паліграфію — колькі кніг ён выдатна аформіў! Яго талент расквітнеў у эпоху адраджэння нашай нацыі. Міхал — класічная постаць адраджэння. Ён — герой нашага часу, які сваёй бескампраміснасцю, сваім перфекцыянізмам змушаў быць лепшым”.

Сябры пра Міхала Анемпадыстава: Ён проста фантанаваў вершамі і ідэямі
Сяргей Харэўскі, фота nn.by

Мне таксама пашчасціла сябраваць з Міхалам. Як і іншым, мне таксама ёсць за што яму дзякаваць. Прыгадваецца такая гісторыя…

Неяк раніцай на адным з "Басовішчаў" пілі мы з Міхалам каву — кватаравалі разам у хаце аднаго з мясцовых беларусаў. Гаварылі пра вершы і тэксты для песень. 
— Прыйшла ў галаву тэма тэксту для песні. Тэма ў трох словах такая — "заўтра будзе вайна". Але далей нешта нічога не прыдумляецца. Адчуваю толькі, што там нешта пра каханне мусіць быць. Магчыма, тэма не мая. Можа, ты што напішаш? 
— Ну, калі дорыш тэму, то паспрабую.
Далей размова пайшла ў іншым кірунку — калі людзі знаёмыя гадоў з 20, то пагаварыць заўжды ёсць пра што...

Можа, праз год ці больш я нечакана, сярод ночы, напісаў верш на гэтую Міхалаву тэму. Верш той ляжаў яшчэ мо пару гадоў "у стале", пакуль Аляксандр Ракавец, лідар гурту IQ-48 нечакана не папрасіў паказаць яму што з напісанага і не скарыстанага гуртом "Крама". Так нарадзілася гэтая песня.

“Памёр Міхал Анемпадыстаў... Гэта быў чалавек неверагоднай энергетыкі, мяккі, далікатны, адукаваны. Дзякуючы яму і ягоным песням, думаю, шмат хто зачараваўся беларускай мовай, музыкай, гісторыяй, культурай... Мы яго будзем памятаць і любіць заўжды”, — піша на сваёй старонцы рэдактар музычнага парталу Tuzinfm.by Сяргей Будкін.

Узгадваюць Міхала Анемпадыстава і іншыя яго сябры

Сябры пра Міхала Анемпадыстава: Ён проста фантанаваў вершамі і ідэямі
Сябры пра Міхала Анемпадыстава: Ён проста фантанаваў вершамі і ідэямі
Сябры пра Міхала Анемпадыстава: Ён проста фантанаваў вершамі і ідэямі
Сябры пра Міхала Анемпадыстава: Ён проста фантанаваў вершамі і ідэямі
"Двухмоўны беларус" Міхала Анемпадыстава

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі