Святы Лука ўжо выгнаў д’ябла ў Мінску

Мошчы святога Лукі ўжо цэлыя суткі знаходзяцца ў Мінскім прыходзе іконы Божай Маці "Усіх Смуткуючых Радасць". Цягам хроснага ходу мошчы аднаго з першых апосталаў ўжо праехалі Маскву, Санкт-Пецярбург, Кіеў, Кемерава, Барнавул і іншыя гарады. І амаль паўсюль прыходзілі тысячы вернікаў, здараліся цуды і выгнанне д’яблаў.

У першы ж дзень дэманстрацыі святыні вернікам адбылося гэта і ў Мінску.

Распавядае відавочца Галіна Фёдараўна, якая прыходзіць да мошчаў ужо другі раз запар:

Галіна Фёдараўна: “Я стаяла ў чарзе. Прыкладвалася да мошчаў і бачыла жанчыну, у якой здарылася беснаванне. Мне самой таксама было вельмі добра. У мяне хворы пазваночнік, і я адчула палёгку. Прыклала да святога Лукі хустачку і іконку, якую ён некалі намаляваў. Буду трымаць яе ў сваім пакоі, і дух святога Лукі заўжды будзе са мной.”

Нягледзячы на дажджлівае надвор’е і доўгія чэргі, людзі стаялі ў чэргах па 6 гадзінаў. 8 ліпеня, у дзень прыбыцця мошчаў, людзі стаялі ад царквы і ажно да станцыі метро “Спартыўная”. Некаторыя атрымалі магчымасць дакрануцца да рэшткаў толькі ў 2 гадзіны ночы. Але ніхто не сварыўся і не злаваўся – вернікі лічаць цярплівае чаканне свайго часу пацалаваць мошчы святога за ласку Божую. Хворыя і старыя прыходзілі з лавамі, сядзелі ля храму гадзінамі, хаця і мелі магчымасць патрапіць да галавы святога Лукі без чаргі. Таксама без чаргі маглі падыйсці і маладыя матулі з немаўлятамі. Іх, дарэчы, сабралося багата, некаторыя нават прыехалі з іншых беларускіх гарадоў. Адна з наведніц храму, Таццяна не чакае ніякіх цудаў і кажа пра тое, што яе прывяло да царквы:

Таццяна: “Тое, што мы здаровыя і шчаслівыя – я лічу ў гэтым таксама ёсць божая дапамога.”

Сярод тых, хто прыйшоў да мошчаў, не толькі апантаныя вернікі. Некаторыя прызнаваліся Еўрапейскаму радыё, што нячаста наведваюць царкву, але гэтым разам да храма іх прывяла духоўная патрэба і надзея. Маладая і прывабная дзяўчына Вольга, якая зараз стала жыве ў Злучаных Штатах і амаль забылася на рускую мову, знаходзячыся ў Мінску, таксама прыйшла да мошчаў і распавяла нам сваю гісторыю:

Вольга: “Я ўжо схадзіла да мошчаў, атрымала малітоўнік і папрасіла святога Луку, каб ён пабярог маю хворую галаву.”

Апроч вернікаў ля храма мы бачым міліцыянтаў. Яны знаходзяцца побач на ўсялякі выпадак, курыруюць і сочаць за працэсам, просяць тых, хто толькі што прыйшоў, стаць у чаргу. Тлумачаць, дзе можна набраць спецыяльна прывезенай пітной вады, накіроўваюць да шапікаў, дзе можна набыць сокі і ежу.

Не перарываецца трансляцыя песнапенняў і малітвы. І яшчэ на прыпынку чуваць размовы, у якіх вернікі распавядаюць мінакам пра тое, што прывоз мошчаў святога Лукі адбываецца раз на стагоддзе. Таму нават у будні дзень каля царквы шматлюдна.


Калі вы жадаеце прыйсці да мошчаў святога Лукі і папрасіць яго аб нечым для сябе ці сваіх блізкіх, зрабіць можна да 12 ліпеня. У гэты дзень святыня накіруецца на сваё звыклае месцазнаходжанне - у Салонікі, Грэцыю.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі