Сустрэцца з забароненымі музыкамі Праляскоўскаму загадаў прэзідэнт

Кіраўнік ідэалагічнага аддзела Адміністрацыі прэзідэнта добра ведаў, пра забароны рок-канцэртаў і дазвол на сустрэчу з рокерамі ён атрымаў ад прэзідэнта. Музыкі ж лічаць, што, сустрэўшыся з Праляскоўскім, яны не пасунуліся ў сваіх прынцыпах ані на міліметр.
Пра гэта Ігар Варашкевіч (КРАМА), Лявон Вольскі (N.R.M.), Алег Хаменка (ПАЛАЦ), Аляксандр Кулінковіч (Нейра Дзюбель) і Піт Паўлаў (N.R.M.) расказалі на прэс-канферэнцыі 23 лістапада ў прэс-цэнтры “Беларускай асацыяцыі журналістаў”.

Пра тое, чаму рокеры пайшлі да галоўнага ідэолага краіны


Лявон Вольскі: “Паводле інтэрнэту і ўсёй рэакцыі людзей, што пры любых выніках наш паход да Праляскоўскага – гэта крымінал і падсудная справа. На маю думку гэта зусім не так. Нам трэба было паставіць кропкі над “і”. Тры гады мы існавалі ў тайнай забароне. У нас не было ніякіх дакументаў наконт гэтай забароны.

Хтосьці тэлефанаваў і адмяняліся канцэрты. Дырэкцыі клубаў папросту з намі не супрацоўнічалі, бо хтосьці тэлефанаваў і пагражаў. Хто гэта, дабіцца было немагчыма. Не было створана ніякай палітычнай ініцыятывы на нашу карысць, каб высветліць хаця б гэтае пытанне. Не знайшлося палітыка, ні Мілінкевіч, ні хто іншы, які б узначаліў нейкую ініцыятыву.

Не было пікетаў каля гастрольнага аддзела Мінгарвыканкама. Рабіў нейкія спробы Паша Кашырын схадзіць з юрыстам да Анціповіча, які выдае гастрольныя пасведчанні і там проста цынічна смяяліся з іх. Усе мірыліся з гэтай сітуацыяй тры гады. Вось нашы чыстыя, светлыя, незалежныя музыкі, якія, нібыта, сумленне нацыі, яны забароненыя і ўсё нармальна. І былі такія канцэрты, у абсалютна непрыдатных умовах, пасля якіх публіка сама ж піша незадаволеныя водгукі.

Усіх задавальняла гэтая застойная беларуская сітуацыя і як толькі паступіла гэтая прапанова, не ад Праляскоўскага, былі людзі, якія любяць гэтую музыку і выйшлі з тых колаў, а зараз займаюцца музычным і калямузычным бізнесам, і яны прабілі гэтую сустрэчу, чаму нам было не згадзіцца? Нам трэба было даведацца, што адбываецца, наколькі мы забароненыя і гэтак далей”.


Пра настрой сустрэчы і “адэкватнасць” Праляскоўскага


Алег Хаменка: “Мы зрабілі самы першы… гэта нават не крок, гэта нейкія спробы дыялогу. Прычым, мы спрабавалі не абвінавачваць. Я мог устаць і сказаць: “Вы мяне звольнілі адтуль, вы мае праграмы пазачынялі, мяне тройчы выганялі з радыёстанцыі, забаранялі колькі маіх праграм, здзекаваліся як хацелі, на мяжы колькі здзекаваліся!” Ніхто у грудзі сябе не біў. Мы хацелі размовы.

Да таго, мы адчулі, што такая размова можа быць. Ніхто не казаў: “Ах, вы чырвона-белыя калабарацыяністы!” І тое, што пасля гэтай падзеі Аляксандр сказаў, што мы сустракаліся з адэкватным і разумным чалавекам… А што вы хацелі ад Сашы пачуць? Што там сядзіць Цмок, які кожную раніцу п’е кроў немаўлят бэнээфаўскіх?”


Пра прабачэнні ўлады і стаўленне да гэтага музыкаў


Піт Паўлаў: “Прабачце, калі ласка. Гэта была вялікая памылка наша дзяржаўная, гэта ўся сітуацыя. Мы гатовы да дыялогу”, — сказалі нам. І мы, канешне, былі страшна здзіўленыя гэтым. Паставіліся да гэтага скептычна, але потым пачалася размова і кожны выказаў свае крыўды”.


Пра рок-канцэрт “За Беларусь!” і прынцыпы генералаў року


Алег Хаменка: “Мы звярнулі ўвагу, вось на якія пазіцыі. Мы выступаць пад лозунгам “За Беларусь!” не збіраемся. І прапанавалі, калі патрэбны лозунг, “Рок-музыканты для Беларусі”. Таму што гэты лозунг ніякага дачынення да палітыкі не мае.

Па-другое, мы сказалі, што, калі гэтая забарона будзе знятая, то каб гэта закранула не толькі нас, а і моладзь, якія сядзяць недзе ў падполлі і не ведаюць, ці змогуць выйсці яны на сцэну. Звярнулі ўвагу на такія магутныя з’явы, як фестывалі “Рок-Кола” і “Басовішча”.

Да якіх неабходна, каб па-іншаму ставіліся не толькі мы, але і на самым версе. Звярнулі ўвагу на фестывалі, якія робяць нашы дыяспары ў Расіі, на тое, што шмат праблемаў у мастацтве. Мелася на ўвазе не музыка, а тое, якія справы адбываюцца ў паэзіі, мастацтве, харэаграфіі, іншых галінах”


Пра адмову рокераў удзельнічаць у палітыцы


Алег Хаменка: “Было такое выказванне: “Палітыкі павінны займацца палітыкай, музыкі – музыкай”. Мы ў тым кантэксце маглі, канешне, маглі нешта выказаць супраць гэтага выказвання. Але мы вырашылі, што спрачацца з гэтым не вельмі дарэчы. І мы выказаліся ў тым сэнсе, што мы займаемся культурнай палітыкай. Але мы заклікалі чыноўнікаў, каб тая справа, якую мы робім у культурнай палітыцы не была ў стане непаразумення і забаронаў”.


Піт Паўлаў: “Была прамоўлена гэтая фраза, якая ў інтэрнэце вісіць: “Калі вы выйдзеце ўдзельнічаць у акцыях апазіцыі, гэтыя праблемы пачнуцца зноў”, — на што мы зрэагавалі так: “Опа!”


Лявон Вольскі: “Нейкім такім незразумелым мармытаннем”


Піт Паўлаў: “Цікава, а як гэта мы можам даць зараз нейкае абяцанне. Адзінае, што ніхто з нас не ўстаў і не плюнуў у твар. Для нас было, што станоўчая размова скончылася так: “Опанькі…”


Пра тое, ці не выкарысталі музыкаў


Піт Паўлаў, Алег Хаменка, Ігар Варашкевіч (перабіваючы адзін аднаго): “Ёсць перасцярога, што выкарыстоўваюць вас, і нас, і моладзь. Усіх! Чаму ніхто пра мастакоў не кажа? Альбо харэаграфію? А вы ведаеце, як выкарыстоўваюць іх? А можа вам назваць імёны і прозвішчы эстрадна-сімфанічных аркестраў, як іх выкарыстоўваюць? Сто адсоткаў, што нас запрасілі, каб нас выкарыстаць. Але ў нас было два варыянты. Не пайсці і не ведаць, што яны хочуць, і пайсці і даведацца. Мы пайшлі і даведаліся”.


Пра здраду сабе і нацыянальнай сімволіцы


Ігар Варашкевіч:
“Частка размовы ішла і пра тое, што існуе афіцыйная ўлада і афіцыйная сімволіка. І ёсць “Пагоня”, ёсць бел-чырвона-белы сцяг. Адны любяць тое, другія, у тым ліку і мы, іншае. І ніхто не адмаўляўся ні ад таго, ні ад гэтага. Ніхто не сказаў, што мы станем пад тыя сцягі ці пад гэтыя. Ніхто ні ад чаго не адмаўляўся. Мы засталіся тымі, хто мы ёсць”.


Піт Паўлаў: “Мы не пасунуліся ні на адзін міліметр. Мы не сказалі: “Абяцаем гэта, гэта і гэта”. Мы апісалі сітуацыю. А вось ўлада пасунулася. Яны сказалі: “Мы зробім гэта, гэта і гэта”. Наступны крок за намі. Ці зробім мы гэты вялікі фестываль? Ці скажам мы ў праграме “Эксперт”: “На калені!” альбо “Атец радной!” Мы ніякага кроку не зрабілі. Я да гэтага часу гэтым усім ачумелы. І рэакцыяй у інтэрнэце ачумелы. Яшчэ раз кажу – мы не пасунуліся ні на адзін міліметр”.


Пра “чорныя спісы” і няведанне Праляскоўскага


Алег Хаменка: “Усё ён дакладна ведаў. І усе чыноўнікі, з якімі мы размаўлялі пасля забаронаў, пра гэта ведалі. І ён не хаваў гэтага. Але некаторыя моманты нават яго здзівілі. Такое ўражанне, што ён не даваў загад, а нас і там забаранілі”.


Пра самастойнасць Праляскоўскага

Піт Паўлаў: “Ён пачаў размову з таго, што робіць ён гэта па даручэнні прэзідэнта. Гэтыя словы былі сказаныя чыноўнікам”.


Лявон Вольскі: “Без гэтага кроку ён бы з намі і не сустракаўся б”.


Пра крыўды прыхільнікаў


Ігар Варашкевіч: “Я не думаю, што чалавек, які шчыра любіць “Краму”, N.R.M альбо“Нейра Дзюбель”, будзе ламаць дыск і выкідаць на сметнік. Гэта проста смешна”.


Алег Хаменка: “Калі маю музыку любілі толькі за тое, што я паважаю бел-чырвона-белы сцяг, тады мне такое не трэба. Можа і лепш, што гэта стала вядома”.


Піт Паўлаў: “А я б хацеў паглядзець на спальванне дыскаў!”


Пра змены ў тэматыцы песняў


Ігар Варашкевіч: “Калі чалавеку 20 гадоў, ён спявае пра адно, калі 30—пра другое. Мне праз тры гады 50 будзе. Я нічога ў сваім жыцці не хачу мяняць, але я ўжо не хачу спяваць : “Кроў!” “ Смерць!”, “Краты!” Мы пра гэта ўжо праспявалі ў 80-я. Пра зондэркаманды. Правільна, Лявон? Можа я хачу спяваць пра каханне і ўвесь альбом прысвяціць каханню! Так што, я здраднік пасля гэтага?!”


Піт Паўлаў: “Сказаць, што зараз мы хуценька напішам песні ва славу існуючага рэжыму, гэта ж трызненне! Ці заспяваем з Анатолем Ярмоленкам “Маё пакаленне”, а “Нас да халеры” з БРСМ альбо з хорам МУС”.


Пра музыкаў-палітыкаў


Алег Хаменка: “Як палітыкі — мы нуль. А як з’ява ў культурнай палітыцы мы значым значна больш. Але тое, што нас прызначаюць нейкімі сімваламі, то што ж з гэтым паробіш. Іншая справа, што мы сябе гэтымі сімваламі не прызначалі”.






Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі