Вы тут

Сурагатнае мацярынства ў Беларусі: "гей-пара стаць кліентам не можа"

Сурагатнае мацярынства ў Беларусі — працэдура абсалютна законная. / mk.ru

"Прыстойная сямейная пара шукае сурагатную маці", "Гатовая стаць сурмамай, здароўе добрае" — такія аб'явы ў інтэрнэце не рэдкасць. Можна па-рознаму ставіцца да ідэі выношвання чужога дзіцяці, але сурагатнае мацярынства ў Беларусі — працэдура абсалютна законная. Што адчуваюць "сурмамы" пасля развітання з дзіцем і чаму ў Беларусі гей-пары не могуць "заказаць" дзіця?

Еўрарадыё разбіралася ў нюансах беларускага рынку сурагатнага мацярынства.

Не лёгкія грошы, а доўгі і складаны працэс

Таццяна –– маці дваіх дзяцей з Брэсцкай вобласці. Ідэя сурагатнага мацярынства зацікавіла 26-гадовую дзяўчыну яшчэ ў 2013 годзе, калі яе найлепшая сяброўка сутыкнулася з праблемай бясплоддзя:

— Цяжарнасці ў мяне праходзілі спакойна, здароўе — добрае. Я шчыра хацела дапамагчы сваёй сяброўцы. Пачала вывучаць тэму, здала ўсе неабходныя аналізы. Чакала, пакуль сяброўка будзе маральна гатовая. Яна так і не адважылася... А я вось ужо настроілася на ідэю выношвання дзіцяці.

Беларуска звярнулася ў адно з мінскіх агенцтваў па сурагатным мацярынстве, дзе ёй вельмі хутка знайшлі зацікаўленую бяздзетную пару. Першыя спробы зацяжараць абярнуліся няўдачай. Таццяна лічыць, што ў гэтай няпростай справе многае залежыць ад дактароў, якія праводзяць падсадку эмбрыёна.

— Трэба разумець, што сурагатнае мацярынства — гэта не лёгкія грошы, а складаны і часцяком доўгі працэс. Зацяжарала я ў 2017 годзе, калі мне быў 31 год. Цяжарнасць праходзіла нармальна, назіралася я ў звычайнай паліклініцы па месцы жыхарства. Генетычныя бацькі — з Беларусі, таму і назіранне цяжарнасці, і роды праходзілі ў краіне. Адносіны з біямамай у нас склаліся вельмі добрыя, пастаянна падтрымлівалі кантакт. Мае блізкія ведалі пра тое, што я выношваю чужое дзіця, і паставіліся да гэтага спакойна. Староннім жа я старалася не расказваць. Падчас цяжарнасці я не папраўляюся больш чым на 7 кілаграмаў, таму ніякіх пытанняў асабліва і не ўзнікала.

"Перанесла расставанне з дзіцем спакойна"

Паводле дамовы, якую заключаюць генетычныя бацькі і сурагатная маці, дзіця пасля дзевяці месяцаў цяжарнасці неадкладна рэгіструюць на біябацькоў. Нованароджанага не кладуць побач з сурагатнай маці, яна не займаецца яго кармленнем. Таццяна была маральна гатовая развітацца з дзіцем адразу пасля родаў:

Пасля дзевяці месяцаў цяжарнасці дзіця неадкладна рэгіструюць на біябацькоў. / yandex.by

— Нованароджанага аднеслі ў палату да генетычнай мацi. Я чытала шмат гісторый пра тое, што сурагатныя мамы адчуваюць прывязанасць, але гэта не мой выпадак. Я разумела, на што іду, усведамляла, што дзіця ўнутры — чужое. Пасля родаў я зазірнула ў палату да генетычнай мамы, развіталася з ёй. Цяпер перыядычна бачу дзіця на фотаздымках. Ніякай пасляродавай дэпрэсіі ў мяне не было. Я зрабіла сваю справу, зарабіла грошы, дапамагла "ўзроставым" бацькам абзавесціся доўгачаканым дзіцем. У цэлым гэта быў станоўчы досвед. Я нават спрабавала яго паўтарыць нядаўна, але, на жаль, зацяжараць з першай спробы не атрымалася.

Зарабляе сурагатная маці ў Беларусі ў сярэднім каля 15 тысяч долараў.

Галоўнае псіхалагічная гатоўнасць

Любая дзяўчына, якая рашыла падзарабіць, стаць сурагатнай маці не можа. Пра патрабаванні да кандыдатак Еўрарадыё расказаў Ягор Гаўрылюк, дырэктар мінскага агенцтва па падборы сурагатных мам "Белмедтрэвэл":

— Закон аб дапаможных рэпрадуктыўных тэхналогіях Беларусі гаворыць пра тое, што вынасіць і нарадзіць малое для генетычных бацькоў можа жанчына, якая знаходзіцца ў шлюбе і мае ўласнае дзіця. Яна павінна быць старэйшая за 20 і маладзейшая за 35 гадоў. Сурмама таксама не павінна мець праблем з законам. Далей мы праводзім псіхалагічную гутарку і медыцынскае абследаванне. Прычым у гэтай справе вельмі важна, каб дзяўчына была маральна гатовая да такой цяжарнасці. Здараецца, што па ўсіх медыцынскіх паказчыках яна падыходзіць, але псіхалагічна абсалютна не падрыхтаваная.

Ягор Гаўрылюк. / mag.103.by

Пэўнага партрэта беларускі, якая прыходзіць з жаданнем стаць сурагатнай маці, няма. Звяртаюцца як мінчанкі, так і дзяўчаты з правінцыі. Тое ж датычыцца наяўнасці або адсутнасці вышэйшай адукацыі.

Гей-пара стаць кліентам не можа

Да кліентаў таксама ёсць патрабаванні. Для таго каб скарыстацца паслугамі сурагатнага мацярынства, патрэбны пэўныя медыцынскія паказанні. Нежаданне псаваць сваю фігуру — не аргумент.

Не могуць стаць кліентам беларускіх агенцтваў і гей-пары. Звярнуцца ў беларускія агенцтвы могуць толькі жанчыны, у якіх было некалькі няўдалых спроб ЭКА, альбо тыя, каму ставілі дыягназ "Цяжарнасць супрацьпаказаная". Гэта значыць жанчыны, у якіх застаўся толькі адзін варыянт — сурагатнае мацярынства.

Знайсці сурагатную маці ў Беларусі могуць грамадзяне любой краіны. Вялікая частка кліентаў мінскага агенцтва — з рускамоўных краін, але звярталіся па паслугу таксама з заходнееўрапейскіх дзяржаў, ЗША.

— Гэта, вядома, справа кожнага, але я лічу, што лепш арганізоўваць працэдуру сурагатнага мацярынства праз агенцтва. Калі кліенты шукаюць сурмам без пасярэднікаў, то нярэдка сутыкаюцца з падманам або нядобрапрыстойнымі мамамі. Мы ж нясём адказнасць за нашых сурагатных маці, — дадае Ягор Гаўрылюк.

Узнагароджанне — ад 13 000 долараў. Двайняты даражэйшыя на 30%

Генетычныя бацькі выплачваюць узнагароджанне сурагатным маці пасля родаў. У Беларусі гэтая сума пачынаецца ад 13 000 долараў. Акрамя гэтага, памесячна сурмама атрымлівае прыблізна 400 долараў на працягу цяжарнасці і месяца пасля родаў. Дадаткова аплачваюцца выдаткі на адзенне для цяжарнай і медыцынскія абследаванні.

Ягор Гаўрылюк лічыць, што памер узнагароджання будзе толькі расці, бо попыт на сурагатнае мацярынства павялічваецца.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.