Вы тут

Супраць Навальнага ў Расіі пачалі новую крымінальную справу

Аляксей Навальны прысутнічаў у судзе па відэасувязі / twitter.com/teamnavalny

У дачыненні расійскага апазіцыянера Аляксея Навальнага і яго паплечнікаў Леаніда Волкава і Івана Жданава пачалі крымінальную справу аб стварэнні некамерцыйнай арганізацыі, якая робіць замах на правы грамадзян. Нягледзячы на тое, што справа распачатая 4 лютага, пра яе стала вядома толькі цяпер — яна згадваецца ў матэрыялах іска аб прызнанні структур Аляксея Навальнага экстрэмісцкімі арганізацыямі. Навальнаму, Волкаву і Жданаву пагражае па 4 гады пазбаўлення волі.

Навальны знаходзіцца ў зняволенні ў РФ. Ён вярнуўся на радзіму пасля атручвання ў Расіі і лячэння ў Германіі ў студзені 2021-га і адразу ж быў затрыманы. Ранейшы ўмоўны тэрмін апазіцыянеру замянілі на рэальны і адправілі ў калонію на 2 гады і 8 месяцаў.

У чацвер Бабушкінскі раённы суд Масквы адхіліў апеляцыю на прысуд Навальнаму па справе аб "паклёпе на ветэрана". Апазіцыянер прысутнічаў у судзе па відэасувязі з калоніі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.