Вы тут

Афіцыйна распускаецца сетка штабоў Навальнага ў Расіі

Аляксей Навальны / novayagazeta.ru

Афіцыйна распускаецца сетка штабоў Аляксея Навальнага ў Расіі. Пра гэта 29 красавіка аб'явіў паплечнік расійскага апазіцыйнага палітыка Леанід Волкаў. У відэазвароце, і ў Telegram ён паведаміў, што "захаванне сеткі штабоў Навальнага ў цяперашнім выглядзе немагчыма: яно неадкладна будзе падведзена пад артыкул аб экстрэмізме". Каб не дапусціць прыцягнення работнікаў і прыхільнікаў штабоў да крымінальнай адказнасці, на месцы ранейшай структуры будуць стварацца "самастойныя палітычныя арганізацыі", якія будуць займацца і палітычнай працай, і расследаваннямі.

"Новая газета" нагадвае, што маскоўская пракуратура 16 красавіка падала іск у суд аб прызнанні экстрэмісцкімі Фонду барацьбы з карупцыяй, Фонду абароны правоў грамадзян і "Штабоў Навальнага" "ў сувязі з фактычным здзяйсненнем імі экстрэмісцкай дзейнасці". Гэта пагражае сотнямі крымінальных спраў для актывістаў. Маскоўскі гарадскі суд 27 красавіка абмежаваў дзейнасць ФБК і ФАПГ у рамках справы аб прызнанні арганізацый экстрэмісцкімі. Пракуратура Масквы прыпыніла дзейнасць і "Штабоў Навальнага". Пры гэтым Волкаў заявіў, што іх як арганізацыі юрыдычна не існуе.

Аляксей Навальны знаходзіцца ў зняволенні ў Расіі. Ён вярнуўся на радзіму пасля лячэння ў Германіі ў студзені 2021-га і адразу ж быў затрыманы. Ранейшы ўмоўны тэрмін яму замянілі на рэальны і адправілі ў калонію на 2 гады і 8 месяцаў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.