Суд у Мінску пакінуў Сафію Сапегу пад вартай

Скаргу Сафіі Сапегі на затрыманне разглядаў суд Партызанскага раёна Мінска / Еўрарадыё​
Скаргу Сафіі Сапегі на затрыманне разглядаў суд Партызанскага раёна Мінска / Еўрарадыё​

Суд Партызанскага раёна Мінска адмовіў у задавальненні скаргі Сафіі Сапегі, паведаміў адвакат Аляксандр Філановіч. Дзяўчына спрабавала абскардзіць сваё затрыманне.

Разгляд праходзіў у закрытым рэжыме, але на абвяшчэнне рашэння ахвочых дапусцілі. 

"Нягледзячы на аргументы скаргі Сафіі і яе адваката, суд адмовіў у задавальненні скаргі. Сама Сафія ў судовае паседжанне не дастаўлялася", — расказаў абаронца.

Сафія Сапега была затрыманая 23 траўня ў Мінску. Яна разам са сваім маладым чалавекам, журналістам Раманам Пратасевічам, ляцела з Афін у Вільню. Самалёт на падставе пошуку выбухоўкі вымусілі здзейсніць пасадку ў Мінску. Выбухоўкі не знайшлі, але Сапегу і Пратасевіча затрымалі. Да гэтага часу няма дакладнай інфармацыі, у чым іх падазраюць, і ў якім статусе яны знаходзяцца. Адвакаты знаходзяцца пад падпіскай аб неразгалошванні і не могуць дзяліцца інфармацыяй.

Сафія Сапега – грамадзянка Расіі. Праз некалькі дзён пасля яе затрымання ў МЗС РФ казалі, што дзяўчыну падазраюць "у здзяйсненні ў перыяд з жніўня па верасень 2020 года злачынстваў, прадугледжаных некалькімі артыкуламі Крымінальнага кодэкса Беларусі". У канцы траўня Бі-Бі-Сі пісала, што Сапезе інкрымінуюць тры артыкулы КК. Яе падазраюць у парушэнні грамадскага парадку, масавых беспарадках, а таксама ў распальванні расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці. Напярэдадні адвакат дзяўчыны паведаміў, што ў дачыненні да яе распачатая "яшчэ адна крымінальная справа", але якая менавіта, не ўдакладніў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі