Вы тут

У дачыненні да Сафіі Сапегі завялі яшчэ адну крымінальную справу

Сафія Сапега / фота з сацсетак​

У дачыненні да грамадзянкі Расіі Сафіі Сапегі, затрыманай разам з журналістам Раманам Пратасевічам 23 траўня, распачатая яшчэ адна крымінальная справа, паведамляе агенцтва ТАСС са спасылкай на адваката Аляксандра Філановіча.

У пятніцу Філановіч быў ва ўпраўленні СК па Мінску. Па яго словах, там ён знаёміўся "з дакументамі, якія тычацца затрымання Сафіі, а таксама іншымі звесткамі пра завядзенне ў дачыненні да Сафіі 23 траўня 2021 года яшчэ адной крымінальнай справы". Па якім артыкуле заведзеная справа, абаронца не ўдакладніў. Ён знаходзіцца пад падпіскай аб неразгалошванні.

Афіцыйнай інфармацыі пра тое, што інкрымінуюць дзяўчыне, па-ранейшаму няма. Праз некалькі дзён пасля яе затрымання ў МЗС Расіі казалі, што Сапегу падазраюць "у здзяйсненні ў перыяд са жніўня па верасень 2020 года злачынстваў, прадугледжаных некалькімі артыкуламі Крымінальнага кодэкса Беларусі"

Адвакат Філановіч таксама расказаў, што бачыў Сафію ў чацвер, 10 чэрвеня. Па яго словах, яна "адчувае сябе нармальна", падала скаргу на затрыманне. Разгляд гэтай скаргі пройдзе сёння ў закрытым рэжыме ў судзе Партызанскага раёна Мінска.

Раней на адсутнасць інфармацыі аб ходзе следства скардзіліся і бацькі Рамана Пратасевіча. Яны таксама нічога не ведаюць пра статус сына, бо адвакат знаходзіцца пад падпіскай аб невыдаванні. "Нельга выдаваць інкрымінаваныя артыкулы, стан падабароннага. Увогуле, практычна ўсе нельга",казаў Дзмітрый Пратасевіч на мінулым тыдні.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.